Тэма тыдня: рабочая паездка Прэзідэнта ў Віцебскую вобласць

Тема недели

belta

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Віцебскую вобласць. У цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы былі ўборка збожжавых і нарыхтоўка кармоў — у краіне ў цэлым і паўночным рэгіёне ў прыватнасці. Прэзідэнт наведаў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Маяк Браслаўскі», Браслаўскі філіял Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з развіццём турызму ў Браслаўскім раёне на прыкладзе прыватнага турыстычнага ўнітарнага прадпрыемства «Грын клаб». Размова ішла аб аграэкатурызме, прыцягненні інвестыцый і экспарце турыстычных паслуг.

Віцебскую вобласць трэба прывесці ў парадак

Гэтага запатрабаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе наведвання сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Маяк Браслаўскі» ў Браслаўскім раёне.

Лукашэнка адразу пасля прыезду на сельгаспрадпрыемства падзяліўся ўражаннямі ад убачанага з борта верталёта ў ходзе рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць. «Паглядзеў — не ўражаны ўбачаным у Браслаўскім раёне. Багатай Віцебская вобласць не будзе, калі будзем так працаваць», — сказаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ні ў якім разе нельга запускаць тэрыторыі, усюды павінен быць парадак.

Лукашэнка патрабуе дакладна вызначыцца са спецыялізацыяй выпуску сельгаспрадукцыі ў кожным раёне Віцебскай вобласці

«Асноўная мэта маёй паездкі — не ўборка», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што тэхнікі ў гаспадарках хапае, уборачная кампанія ідзе сваім ходам. «Мяне хвалюе іншае, цікавяць тэхналогіі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы павінны былі тут, на паўночным захадзе краіны, перабудаваць тэхналогіі пад новыя севазвароты».

Пры гэтым ён заўважыў, што, безумоўна, цяжкавата працаваць у гэтым рэгіёне так, як, напрыклад, у Брэсцкай вобласці.

Паводле яго слоў, трэба дакладна ўлічваць асаблівасці раёнаў і фарміраваць севазварот такім чынам, каб атрымліваць максімальна эфектыўны рэзультат ад сельгасвытворчасці. «Калі выпуск малака, мяса рэнтабельны, то менавіта на гэта і трэба арыентавацца і прыстасоўваць севазварот пад гэта», — сказаў ён.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы перасцярог ад бяздумнага падыходу. Трэба ўсё добра ўзважваць і падлічваць, перш чым прымаць рашэнні. «Трэба выходзіць на нармальныя севазвароты і пад гэта купляць адпаведную тэхніку», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама зрабіў акцэнт на тое, што прымяняльныя тэхналогіі, безумоўна, павінны быць добрымі, менавіта з улікам прыродных асаблівасцей кожнага раёна. «Не хачу даваць рэкамендацыі, бо што ні раён, то свая спецыфіка і, галоўнае, свая спецыялізацыя. Адсюль — севазварот, тэхніка», — сказаў ён.

Дакладнае патрабаванне Прэзідэнта — усё павінна прапрацоўвацца і ўлічвацца пад высокі рэзультат у аграрным сектары.

Трэба прыстасавацца да прыродных умоў і ўзяць максімум у сельскай гаспадарцы

Прэзідэнт растлумачыў, што мэта яго рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць не ў тым, каб падагнаць уборачную кампанію. «Людзі самі разбяруцца, калі і што ўбіраць. Мэта мая іншая. Мы, назначыўшы сюды (у Віцебскую вобласць. — Заўвага БЕЛТА) новага губернатара, паставілі перад ім задачу прынцыпова разабрацца з севазваротамі і тым, што мы тут будзем вырошчваць на зямлі, і якіх жывёл гадаваць. Другі год ідзе гэта цяжкая работа, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Тэрыторыя такая, што збожжавыя тут або кукурузу на зерне вельмі складана, амаль немагчыма ў асобных месцах вырошчваць. Таму трэба прыстасавацца да клімату. Перад губернатарам і ўсёй яго камандай стаіць задача прыстасавацца да прыроды і ўзяць максімум».

На думку кіраўніка дзяржавы, па такім жа прынцыпе неабходна развіваць эка- і агратурызм. «На тэрыторыі Браслаўшчыны вялікая колькасць пустуючых участкаў па 1,5-3 га. Трэба аддаць людзям, няхай яны развіваюць экатурызм. Няхай проста для сябе дом пабудуе, але ён прывядзе ў парадак гэты ўчастак, — сказаў беларускі лідар. — Таму вось тэма сённяшняй размовы — як ад усяго таго, чым багата Віцебшчына, прыстасаваўшыся да прыроды, атрымаць большы вынік».

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што 2016 год з пункту гледжання надвор’я выдаўся ўдачным для сельскай гаспадаркі. «Так, праходзяць дажджы, і ўсе скардзяцца. Але трэба разумець, што ўборка — гэта не толькі збожжавыя. Уборка — гэта і бульба, і буракі, і іншыя культуры, гэта сады. А для іх патрэбна вільгаць. Мінулы год у нас быў вельмі сухі, узровень грунтавых вод апусціўся вельмі нізка, павысыхалі рэчкі і азёры. Бог нас выратаваў, што гэты год дажджлівы», — дадаў Прэзідэнт.

У Беларусі намалочана 3,75 млн т збожжа

Аб гэтым Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку далажыў намеснік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы ў час наведвання кіраўніком дзяржавы сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Маяк Браслаўскі».

«Убрана на раніцу 4 жніўня 48,7 працэнта ўсіх плошчаў. Сёння да вечара, мяркуем, пяройдзем за палавіну ўборкі, будзе намалочана больш за 4 млн т збожжа. Ужо ёсць 3,75 млн т», — сказаў Міхаіл Русы.

Паводле слоў намесніка прэм’ер-міністра, да 20 жніўня асноўная ўборка будзе завершана і ў хуткім часе пачнецца сяўба азімага рапсу.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што тэмпы ўборачнай кампаніі зніжаць не трэба. «Калі страціш тэмп, поле пачне зарастаць пустазеллем. Мы не вымалацім і страцім пасевы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка патрабуе нарошчваць аб’ёмы выпуску мяса-малочнай прадукцыі ў Віцебскай вобласці

На гэтым кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу ў ходзе наведвання Браслаўскага філіяла ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат».

У час наведвання гэтага прадпрыемства Прэзідэнту далажылі аб выкананні яго даручэнняў аб аднаўленні, мадэрнізацыі і вывадзе на эфектыўны ўзровень работы прадпрыемства. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з дзейнасцю філіяла і тэхналагічным працэсам выпуску цвёрдых сыроў, а таксама з выстаўкай прадукцыі Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната.

Браслаўскі малочны завод быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1987 годзе. У 2003 годзе пераўтвораны ў філіял Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната. Яго дзейнасць арыентавана на перапрацоўку малака і вытворчасць сыроў.

Як праінфармавалі Прэзідэнта, на прадпрыемстве ў 2011-2013 гадах рэалізаваны інвестыцыйны праект па рэканструкцыі, накіраванай на павелічэнне вытворчых магутнасцей па перапрацоўцы малака. Пасля рэканструкцыі філіял аснашчаны лініямі па выпуску цвёрдых сыроў прадукцыйнасцю 10 т у суткі і мяккіх сыроў метадам сепарыравання прадукцыйнасцю 2 т у суткі. Унікальнасць тэхналогіі заключаецца ў тым, што ўвесь працэс вытворчасці сыру закрыты і аўтаматызаваны. Высокая якасць прадукцыі дасягаецца за кошт строгага кантролю па ўсім тэхналагічным ланцужку вытворчасці, пачынаючы ад прыёмкі малака і заканчваючы выспяваннем сыру.

Вынікам праведзенай мадэрнізацыі стала павелічэнне вытворчых магутнасцей філіяла і пашырэнне асартыменту сыроў расійскай і галандскай груп з 12 да 38. Цяпер гадавыя вытворчыя магутнасці па выпуску паўцвёрдых сыроў складаюць 3 тыс. т, па выпуску сметанкова-тварожных прадуктаў — 250 т, канцэнтраванай малочнай сыроваткі — 9 тыс. т.

Удзельная вага экспартных паставак у агульным аб’ёме рэалізацыі прадукцыі на прадпрыемстве складае амаль 90 працэнтаў.

belta 2

Лукашэнка лічыць магчымым абмеркаваць «разняволенне» заканадаўства для развіцця аграэкатурызму

Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у час знаёмства з турыстычнымі аб’ектамі Браслаўскага раёна.

Прадстаўнікі мясцовага агратурыстычнага бізнесу расказалі кіраўніку дзяржавы аб дасягненнях у гэтай сферы і патэнцыяле турыстычных магчымасцей, якія неабходна развіваць, у тым ліку яны закранулі некаторыя складанасці пры будаўніцтве аграсядзіб у Браслаўскім раёне.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што турыстычны бізнес, у тым ліку аграэкатурызм, неабходна больш актыўна развіваць. Ён прыслухаўся да прапаноў спецыялістаў у гэтай сферы і сказаў, што трэба канкрэтна абмеркаваць гэтыя праблемы. «Уносьце прапановы, можа, сапраўды ўсё забюракратызавана і трэба разнявольваць», — дадаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён прыгадаў аб тым перыядзе пачатку прэзідэнцкай дзейнасці, калі патрабавалася яго ўмяшанне, каб спыніць дзяльбу ласых прыродных куткоў.

«Тады мною было прынята жорсткае рашэнне — захаваць усё для людзей», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. У выніку ў краіне былі створаны нацыянальныя паркі, прыроднымі багаццямі якіх могуць любавацца ўсе жыхары краіны. Прэзідэнт падкрэсліў, што на сучасным этапе развіцця аграэкатурызму неабходна, напэўна, вярнуцца да гэтага пытання і ўважліва паглядзець, што можна яшчэ зрабіць для развіцця гэтага напрамку.

«Прапанова правільная — можа, недзе трэба разняволіць заканадаўства, каб даць магчымасць больш актыўна развівацца аграэкатурызму, у тым ліку аграсядзібам», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым непахісным застаецца яго патрабаванне — да агульнанародных прыродных багаццяў павінны мець доступ усе людзі.

З развіццём турызму ў Браслаўскім раёне Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся на прыкладзе прыватнага турыстычнага ўнітарнага прадпрыемства «Грын клаб», паслугамі якога карыстаюцца і грамадзяне іншых дзяржаў.

Лукашэнка аб інцыдэнце на БелАЭС: адмовімся ад корпуса, які ўпаў, пры самым нязначным пашкоджанні

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам у час рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць.

«Некаторыя дапісаліся, і нават расіяне (больш за ўсё расійскія сродкі масавай інфармацыі) — «упаў рэактар на будуемай атамнай станцыі ў Беларусі». Ды прачніцеся: там ніякага рэактара яшчэ і няма, там ёсць металічны корпус — «бочка» — таўшчынёй 20 см, у які будзе змешчаны рэактар, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мне далажылі раніцай, калі гэты інцыдэнт адбыўся. Яны (будаўнікі. — Заўвага БЕЛТА) перамяшчалі яго на складзе, трэніраваліся паднімаць. Яго паднялі на мой рост, можа, крыху вышэй, стропы не вытрымалі, і гэта «бочка» адным краем упала на зямлю, з якой яе паднялі».

Прэзідэнт адзначыў, што яму прадставілі кадры гэтага інцыдэнту і ён адразу ж даручыў неадкладна разабрацца са здарэннем.

«Нават калі ёсць нязначныя пашкоджанні або драпіны, мы ад гэтага корпуса павінны адмовіцца. І расіяне гавораць, што калі беларусы адмовяцца ад гэтага корпуса, то яны прывязуць іншы і ўстановяць. Вось і ўвесь інцыдэнт», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь як постчарнобыльская рэспубліка перш за ўсё зацікаўлена ў тым, каб атамная станцыя была бяспечнай. «Я асабіста кантралюю ход будаўніцтва гэтай станцыі, не гаворачы ўжо аб нейкіх інцыдэнтах. Калі б там фундамент заклалі і кусок сцяны абваліўся, напэўна, таксама было б гвалту на ўвесь свет», — дадаў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, у бяспецы Беларускай АЭС зацікаўлена і Расія. «Яна будуе мноства станцый па ўсім свеце: у Турцыі, Егіпце збіраюцца пабудаваць, у Іране і Кітаі будуюць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Не дай бог нешта здарыцца — да іх жа ніхто не прыйдзе і не закажа больш, яны страцяць вялікі шматмільярдны сектар сваёй эканомікі».

Беларусь і Літва павінны думаць разам, як эксплуатаваць БелАЭС

«Сустракаючыся нядаўна з паслом Літвы, я яму сказаў наступнае: «Давайце спынім гэту цягамоціну, давайце спынім наступаць адзін на аднаго: вы будзеце на нас, а мы будзем адбівацца — па будаўніцтве атамнай станцыі. Давайце зробім яе сумесна ў плане таго (у іх сёння дэфіцыт электрычнасці), што мы будзем па нармальных, прымальных цэнах пастаўляць вам электрычнасць. Мы забіраем сёння людзей, якія на Ігналінскай станцыі засталіся без работы (станцыю закрылі). Мы прыцягнем гэтых людзей для работы ў нас. Яны будуць для нас не чужыя людзі. Гэта значыць шмат праблем, давайце будзем разам думаць, як эксплуатаваць гэту станцыю, а не стаяць лоб у лоб і адзін на аднаго паказваць пальцам», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, спекуляцыя вакол будаўніцтва БелАЭС — звычайная канкурэнцыя, палітызацыя (асабліва напярэдадні выбараў) і балбатня. «Вось нядаўна на Ігналінскай станцыі адбыўся пажар. Многія нават не ведаюць аб гэтым. Чаму? Мы не робім з гэтага катастрофы. Калі патрэбна дапамога, мы дапаможам. Але яны спраўляюцца самі з гэтым інцыдэнтам, больш сур’ёзным, чым у нас. Мы не крычым аб гэтым гвалтам», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу, што Беларусь і Літва павінны працаваць над тым, як зрабіць БелАЭС сумеснай станцыяй, каб яна прыносіла карысць абедзвюм дзяржавам. «Мы да гэтага гатовы, і такія прапановы я накіраваў кіраўніцтву Літвы», — заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама заўважыў, што апошнім часам у сродках масавай інфармацыі Літвы з’яўляюцца разумныя разважанні спецыялістаў пра будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі. У іх эксперты заяўляюць, што Беларусь больш, чым хто-небудзь, зацікаўлена ў бяспецы АЭС. Спецыялісты заклікаюць краіны да супрацоўніцтва ў гэтым напрамку. «Калі вы заклапочаны — знайдзіце ў сябе не палітыка, а групу прафесіяналаў у Літве, Латвіі, Польшчы і скажыце, што яны хочуць атрымліваць інфармацыю для ўсёй Літвы, Латвіі або Польшчы — мы будзем з імі працаваць, у нас жа сакрэтаў няма. Нават добра будзе, калі нехта збоку будзе больш пільна ўглядацца ў будаўніцтва атамнай станцыі ў нас у Беларусі. Мы ў гэтым вельмі зацікаўлены», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Выбарчая кампанія ў Беларусі ідзе спакойна

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў.

Прадстаўнікі СМІ пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы, чаго ён чакае ад кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, а таксама як ацэньвае дзейнасць парламента. «Аб станоўчым у дзейнасці нашага парламента я нядаўна гаварыў у Пасланні беларускаму народу і парламенту. Тады я выказаў удзячнасць дэпутатам, якія працавалі апошнія чатыры гады», — нагадаў Прэзідэнт. Ён таксама выказаў меркаванне, што «найлепшая якасць нашага парламента, што там працуюць прафесіянальна, спакойна, без крыкаў».

Парламент — гэта людзі, якія павінны ствараць законы, што прадугледжвае пэўную падрыхтоўку, сплаў ведаў і вопыту, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. «Я ведаю аб гэтым, таму што працаваў там сам на працягу чатырох гадоў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

На думку Прэзідэнта, нашы дэпутаты паспяхова працуюць і займаюцца заканатворчай дзейнасцю. «Паглядзіце, што адбываецца вакол (у іншых краінах. — Заўвага БЕЛТА). То бойку ў парламенце пачалі, то мардабоем займаюцца, то палітызацыя нейкая, то нейкія алігархі свае групы пастваралі, нехта за грошы прыйшоў у парламент», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён заявіў, што ў Беларусі нічога такога няма. «Я вам з адказнасцю аб гэтым заяўляю, ніхто за грошы, ніякія багатыя людзі сваіх дэпутатаў не прапхнуць у парламент. Такога яшчэ не было і, напэўна, не будзе. У гэтым найлепшая якасць і  дасягненне нашага парламентарызму наогул і нашага парламента», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Наш дэпутацкі корпус вельмі прыбліжаны да свайго выбаршчыка — да тых, хто за іх галасаваў. У гэтым каласальная перавага нашага парламента», — перакананы Прэзідэнт. Ён прадоўжыў: «Выбарчая кампанія ідзе спакойна. Скончыўся перыяд вылучэння кандыдатаў, ідзе рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты і тое, што ўжо больш як 6 чалавек прэтэндуе на адно дэпутацкае месца, — гэта добры паказчык, я толькі рады. Значыць, канкурэнцыя будзе забяспечана».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што неабходна ў поўнай меры задзейнічаць патэнцыял тых дэпутатаў, якія не пройдуць у новы склад парламента, і паабяцаў, што яны ўсе, пры іх жаданні, будуць працаўладкаваны.

БелТА