Выбары-2016: выбаркамы Беларусі зарэгістравалі 227 ініцыятыўных груп

Грамадства

000022_202694_big

Акруговыя выбарчыя камісіі па ўсёй Беларусі зарэгістравалі 227 ініцыятыўных груп па зборы подпісаў грамадзян для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання. Аб гэтым паведамілі ў Цэнтрвыбаркаме Беларусі.

Паводле апошніх даных, у ЦВК было пададзена 330 заяў на рэгістрацыю такіх груп. Пры гэтым адна з іх адклікана, яшчэ ў чатырох выпадках атрыманы адмовы. Астатнія заявы пакуль апрацоўваюцца. Камісіі прадаўжаюць іх прымаць, але тэрміны ўжо завяршаюцца. Дакументы неабходна здаць не пазней за 7 ліпеня.

Больш за ўсё заяў пададзена ў Мінску — 88 (71 зарэгістравана, 2 адмовы), менш за ўсё — у Гродзенскай вобласці — 26 (18 зарэгістравана, астатнія ў апрацоўцы).

Сярод вылучэнцаў, за якіх збіраюць або будуць збіраць подпісы ўжо зарэгістраваныя групы, 79 членаў палітычных партый: 20 — ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, 13 — ад Партыі БНФ, 12 — ад Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», па 9 — ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Камуністычнай партыі Беларусі.

Партыі могуць вылучаць кандыдатаў не толькі праз збор подпісаў, але і на сваіх з’ездах. Акрамя таго, у перадвыбарнай гонцы маюць права ўдзельнічаць вылучэнцы ад працоўных калектываў.

Сярод прэтэндэнтаў, якія ідуць ад ужо зарэгістраваных гпуп, 148 чалавек — беспартыйныя.

Вылучэнне кандыдатаў пачалося 3 ліпеня і прадоўжыцца па 1 жніўня.

Вылучаць кандыдатаў шляхам збору подпісаў можа толькі група, якая налічвае не менш як 10 чалавек і зарэгістравана ў акруговым выбаркаме. Рэгістрацыя кандыдатаў пройдзе з 2 па 11 жніўня ўключна. Агітацыяй кандыдаты змогуць займацца з дня сваёй рэгістрацыі па 10 верасня. У дзень галасавання — 11 верасня — агітаваць ужо нельга.

БелТА