Пяты Усебеларускі народны сход прайшоў
22-23 чэрвеня ў Палацы Рэспублікі ў Мінску.
Дэлегаты сходу абмеркавалі вынікі рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады і асноўныя палажэнні праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016-2020 гады. Удзельнікамі мерапрыемства стануць 2,5 тыс. чалавек. На форуме сабраліся прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства: рабочыя, працаўнікі вёскі, работнікі сацыяльна-культурнай сферы і СМІ, ваеннаслужачыя, прадпрымальнікі, студэнты, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, пенсіянеры. Дэлегатамі форуму сталі таксама кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый, парламентарыі, дэпутаты мясцовых Саветаў, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў.
На Усебеларускі народны сход былі запрошаны каля 150 гасцей, у тым ліку амаль 100 — з-за мяжы.
У час правядзення пятага Усебеларускага народнага сходу была адкрыта гарачая лінія, на якую мог звярнуцца кожны жадаючы, каб задаць пытанні, выказаць пажаданні. На гарачую тэлефонную лінію ў час правядзення Усебеларускага народнага сходу паступіла 420 зваротаў.
У час Усебеларускага народнага сходу 22 чэрвеня з дакладам выступіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы ў сваёй прамове адзначыў вынікі і перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на сучасным этапе, акрэсліў праблемныя пытанні і шляхі іх вырашэння. У выступленні былі закрануты таксама пытанні знешняй палітыкі Беларусі, выбудоўвання ўзаемавыгадных партнёрскіх адносін з рознымі краінамі і інтэграцыйнымі аб’яднаннямі з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. 23 чэрвеня Прэзідэнт выступіў з заключным словам на закрыцці форуму.
Лукашэнка: Усебеларускі сход — рэальна дзеючы механізм народаўладдзя
Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ва ўступным слове на адкрыцці пятага Усебеларускага народнага сходу.
«Права чалавека і грамадзяніна на ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы з’яўляецца неад’емным патрабаваннем часу. Актыўнасць, з якой жыхары краіны ўключыліся ў падрыхтоўку і правядзенне сходаў у працоўных калектывах, па месцы вучобы, службы, жыхарства, яшчэ раз даказала, што наш з’езд — рэальна дзеючы механізм народаўладдзя», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што дэвіз «Разам — за моцную і працвітаючую Беларусь» сімвалізуе пераемнасць і згуртаванасць грамадства на карысць Радзімы.
«Мы цэнім грамадскую думку, пажаданні і плённыя ідэі, якія накіраваны на паступальнае развіццё рэспублікі ў эканамічным, сацыяльным і культурным планах. Беларусы хочуць захаваць мір і спакой у краіне, настроены на стваральную работу ў імя сваёй будучыні і будучыні падрастаючага пакалення», — сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Усебеларускі народны сход па праву з’яўляецца адной з важнейшых форм прамой дэмакратыі і грамадскім інстытутам сучаснай Беларусі, які апраўдаў сябе.
«Адкрытая і сумленная размова з людзьмі стала нормай жыцця для ўлады і ўсіх службовых асоб дзяржавы», — падкрэсліў беларускі лідар.
Абараназдольнасць і бяспека
Міралюбная палітыка павінна падмацоўвацца здольнасцю дзяржавы абараніць свой народ — Лукашэнка
«Гісторыя нас навучыла, што любая міралюбная палітыка павінна быць падмацавана рэальнай здольнасцю дзяржавы абараніць свой народ. Закранаючы пытанні бяспекі, я ўвесь час паўтараю тэзіс «порах трэба трымаць сухім». Наяўнасць боегатовых Узброеных Сіл, сістэмы тэрытарыяльнай абароны і эфектыўных інстытутаў забеспячэння правапарадку — гэта гарантыя міру і спакою на нашай зямлі. Але і тут я хачу падкрэсліць думку аб тым, што абаронная моц краіны абапіраецца на яе эканамічную моц і сілу духу народа», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, колькасць і структура сілавых ведамстваў прыведзены ў адпаведнасць з аптымальнымі патрэбнасцямі надзейнай абароны і эканамічнымі магчымасцямі дзяржавы.
«Гэта не значыць, што мы спыніліся ў аптымізацыі сілавых структур, мы гэта робім пастаянна, будзем рабіць і ў далейшым», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым адной з важнейшых задач у ваеннай сферы з’яўляецца забеспячэнне войскаў найноўшым узбраеннем і тэхнікай, без гэтага немагчыма абараніць родную зямлю. «Нашы вучоныя сумесна з арганізацыямі абароннага сектара эканомікі распрацавалі і паспяхова выпрабавалі ва ўмовах густанаселенай Беларусі, а не на пустынных палігонах, рэактыўную сістэму залпавага агню «Паланэз», якая адпавядае лепшым сусветным узорам высокадакладнай зброі. Айчынную сістэму», — нагадаў Прэзідэнт.
«Гэта сведчыць аб тым, што ў нас створаны новы перспектыўны напрамак — ракетабудаванне, вытворчасць магутнай зброі стрымлівання. Яна ўжо з гэтага года паступае на ўзбраенне нашай арміі, што значна ўмацуе абараназдольнасць Беларусі. Не буду ўтойваць: мы з ваеннымі хацелі гэтым самым зрабіць усёй краіне і вам, дэлегатам з’езда, падарунак да пятага Усебеларускага сходу, які гарантуе чыстае неба нашаму народу», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Між тым, паводле слоў Прэзідэнта, у перспектыве прадоўжыцца развіццё ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй у сістэме рэгіянальнай групоўкі войскаў, а таксама з краінамі АДКБ і іншымі дзяржавамі.
«Беларускую армію сёння па праву можна назваць школай мужнасці, грамадзянскасці і патрыятызму», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Беларусь можа абараніць свой суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць — Прэзідэнт
«Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што мы здольны абараніць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць нашай краіны, мір і парадак у дзяржаве», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Так, паводле яго слоў, за апошнія гады прыняты меры па забеспячэнні пагранічнай бяспекі краіны. «Тым больш нас абстаноўка, на жаль, да гэтага прымушае, асабліва на паўднёвых рубяжах нашай Айчыны, ды і на захадзе таксама», — заўважыў Прэзідэнт. Рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў па ўдасканаленні сістэмы аховы дзяржаўных рубяжоў, у першую чаргу — на паўднёвым напрамку. Выстаўлены новыя падраздзяленні, ствараецца інтэграваная сістэма аховы граніцы, укараняюцца сучасныя ўзоры ўзбраення і тэхнікі.
«Створаная сістэма — гэта эфектыўны шчыт на шляху тэрарызму, наркатрафіка і нелегальнай міграцыі», — упэўнены беларускі лідар.
«Не менш важнай дзяржаўнай задачай з’яўляюцца абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян, барацьба са злачыннасцю. Праваахоўнымі органамі адзначаецца ўстойлівая тэндэнцыя да зніжэння яе ўзроўню. Мы вядзём жорсткую барацьбу з наркаманіяй і незаконным абаротам наркотыкаў, павышаецца рэзультатыўнасць у сферы процідзеяння гандлю людзьмі».
Вынікі эканамічнага развіцця і стратэгія на будучыню
Лукашэнка аб планах на пяцігоддзе: гэта праграма развіцця, а не застою
Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады накіравана ў будучыню і прадугледжвае канкрэтныя дзеянні, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на V Усебеларускім народным сходзе.
«Гэта праграма развіцця, а не застою; праграма будучага, а не мінулага; праграма дзеянняў, а не чаканняў», — заявіў Прэзідэнт.
«Мы цудоўна разумеем: праблемы не вырашацца самі сабой, крызісныя з’явы не знікнуць па ўзмаху чарадзейнай палачкі. Менавіта таму ў аснову праграмы пакладзены прынцыпы прагрэсу і адкрытасці. Мы робім стаўку на веды і тэхналогіі. У гэтым ключ да вырашэння бягучых праблем і руху наперад», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адна асаблівасць праграмы, паводле слоў Прэзідэнта, у тым, што яна рэальная — без лішніх абяцанняў і нездзяйсняльных планаў. «Тут аналізуюцца не толькі аб’ектыўныя цяжкасці, але і нашы памылкі. І прапануюцца шляхі іх выпраўлення. Наколькі дакладны гэты аналіз, наколькі дакладныя і глыбокія тыя меры, якія прапануюцца, — усё гэта нам трэба абмеркаваць разам», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пяцігадовая праграма гэта таксама праграма эвалюцыі, а не рэвалюцыі.
«У ёй мы цвёрда захоўваем пераемнасць нашага курсу і базавыя асновы беларускай мадэлі. Мы катэгарычныя праціўнікі радыкалізму, шоку і ломкі ўсяго і ўся. Дзяржава для народа, справядлівасць, абарона простага чалавека — гэта тое, на чым стаяла і стаяць будзе беларуская дзяржаўнасць. Для выпрацоўкі планаў на пяцігодку ў нас ёсць дакладны арыенцір — перадвыбарная праграма Прэзідэнта. Яна падтрымана беларускім народам», — заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, частка пастаўленых задач некаму можа здацца напружанай. «Але іншага выйсця ў нас проста няма. Мы не можам адмовіцца ад развіцця. Не можам пагадзіцца з тым, што нас чакае застой або яшчэ горш — адкат назад. Мы можам і павінны знайсці рэзервы росту! Мы можам і павінны мабілізавацца! Мы можам і павінны даць другое дыханне эканоміцы, забяспечыць новы прарыў!» — падкрэсліў Прэзідэнт.
На новым этапе трэба перайсці ад «даганяючай» стратэгіі да «апераджальнай» — Прэзідэнт
«Размова не аб нейкай кардынальнай ломцы і перабудове ўсяго. Падкрэсліваю: патрэбна ўдасканаленне таго шляху, які выбралі і па якім даволі паспяхова прайшлі першыя два этапы аднаўлення і стабілізацыі. На новым этапе нам неабходна перайсці ад «даганяючай» стратэгіі да «апераджальнай», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у свеце ўсё даўно падзелена — кожны кавалак зямлі, кожны рынак. «Таму, каб асвоіць новыя нішы, нам трэба працаваць напорыста, калі хочаце, агрэсіўна і, галоўнае, рэзультатыўна, максімальна скарачаць затраты, зніжаць сабекошт прадукцыі, эканоміць фінансавыя рэсурсы», — растлумачыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама назваў фактары, што перашкаджаюць руху наперад. Перш за ўсё гэта невысокая прадукцыйнасць працы, якая дасягнула ўзроўню $20 тыс. і не змяняецца тры гады. «Пакінутае нам у спадчыну адставанне ад перадавых краін па эканамічнай эфектыўнасці пакуль захоўваецца. Больш таго, ёсць рызыкі яго нарастання. Таму важнейшая задача ўрада — пераадолець негатыўную тэндэнцыю, прыняўшы комплекс дзейсных мер, аб якіх мы нядаўда дамовіліся», — лічыць ён.
Яшчэ адным фактарам ён назваў нізкую інавацыйную актыўнасць. «Захоўваецца амаль трохкратнае адставанне ад высокаразвітых краін па долі высокіх тэхналогій у прамысловасці. Вынік — мы выпускаем прадукцыю з невысокай дабаўленай вартасцю і нізкай тэхналагічнасцю», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Трэці фактар — недастаткова эфектыўная інвестыцыйная стратэгія прадпрыемстваў і цэлых галін. Паводле слоў Прэзідэнта, не ўдалося дабіцца належнага эканамічнага эфекту ад інвестыцыйных праектаў, у тым ліку рэалізаваных з падтрымкай дзяржавы. Ёсць выпадкі, калі дэкларуемыя ў бізнес-планах паказчыкі так і засталіся на паперы. Не было сур’ёзных маркетынгавых і інжынерных даследаванняў на стадыі прапрацоўкі праекта, не ўлічваліся тэндэнцыі развіцця сусветнага рынку. «Збоі пачынаюцца тады, калі спачатку вырабляецца прадукцыя, а толькі потым — пакутлівыя пошукі новых рынкаў збыту», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Ураду, усёй вертыкалі ўлады трэба атрымаць урок з гэтага і на наступныя гады выбудоўваць такую стратэгію развіцця, якая дасць магчымасць эфектыўна асвойваць новыя тэхналогіі і метады работы», — даручыў Прэзідэнт.
Лукашэнка: на парадку дня — пераход да «зялёных» тэхналогій і эканомікі ведаў
«Мы не толькі захавалі і мадэрнізавалі традыцыйныя галіны, але і стварылі задзел для развіцця прынцыпова новых напрамкаў — атамнай энергетыкі, касмічнай, біятэхналагічнай і іншых галін. На парадку дня — пераход да «зялёных» тэхналогій і эканомікі ведаў», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што выпуск інавацыйнай прадукцыі за пяцігодку павялічыўся больш як у 4 разы. «У краіне ёсць значныя напрацоўкі ў сферы высокіх тэхналогій, у прыватнасці, у вытворчасці аптычных і лазерных прыбораў, аўтаматызаваных сістэм кіравання. Шырокую вядомасць у свеце набыў шэраг камп’ютарных праграм беларускіх распрацоўшчыкаў. Па экспарце ў галіне камп’ютарных і інфармацыйных паслуг на душу насельніцтва краіна апярэджвае ўсе краіны Садружнасці», — канстатаваў ён.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў рэйтынгу па ўзроўні развіцця адукацыі Беларусь знаходзіцца ў групе 30 развітых краін і апярэджвае ўсе краіны СНД.
«Па паказчыках даступнасці адукацыі — паступленні дзяцей у школу, колькасці студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі — Беларусь знаходзіцца на ўзроўні высокаразвітых краін. І апярэджвае многія краіны Еўропы і свету. Рэспубліка лідзіруе па колькасці тых, хто навучаецца ва ўстановах прафесійнай адукацыі, на 10 тыс. чалавек», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Больш за 20 дзяржпраграм плануецца рэалізоўваць у бягучым пяцігоддзі — Лукашэнка
«У 2016-2020 гадах плануецца рэалізоўваць больш за 20 дзяржаўных праграм, пры гэтым арыенціровачна дзве трэці бюджэтных сродкаў, выдзеленых на іх фінансаванне, будуць інвесціраваны ў сацыяльную сферу. У першую чаргу — у медыцыну, адукацыю, культуру, падтрымку сем’яў, сацыяльную абарону насельніцтва», — адзначыў беларускі лідар.
Ён асабліва падкрэсліў, што ўздым эканамічных галін і рэгіёнаў важны перш за ўсё для павышэння ўзроўню і якасці жыцця людзей.
«Гэта прамая залежнасць: трэба лепш працаваць, каб лепей жыць, — сказаў Прэзідэнт. — Рэальны сектар эканомікі ў найбольшай ступені фарміруе бюджэт дзяржавы і тыя рэсурсы, якія інвесціруюцца ў развіццё сацыяльнай сферы. Мы раней выбралі і ў далейшым маем намер прытрымлівацца сацыяльнай арыентацыі дзяржавы. Аб гэтым сведчаць як расходы гадавых бюджэтаў краіны, так і перавага ў дзяржаўных праграмах артыкулаў сацыяльнай накіраванасці».
Інвестыцыі
Аб’ём замежных інвестыцый у эканоміку Беларусі за пяць гадоў вырас у 2,5 раза
«Паказчыкам сусветнага інтарэсу да беларускай эканомікі з’яўляецца ўзросшая актыўнасць замежных інвестараў. За апошнія пяць гадоў аб’ём замежных інвестыцый у эканоміку вырас у 2,5 раза, пры гэтым прыцягнута амаль $11 млрд на чыстай аснове», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Па памеры ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупной здольнасці Беларусь ужо ўвайшла ў лік краін з сярэднім узроўнем даходу. Гэты паказчык вырас з $5,2 тыс. у 1990 годзе да $16,5 тыс. у 2010 годзе і да амаль $18 тыс. у 2015-м.
«І ў эканамічнай сферы ёсць нямала станоўчых фактараў. У мінулай пяцігодцы праведзена мадэрнізацыя базавых галін эканомікі. Завяршаецца тэхнічнае абнаўленне дзевяці буйнейшых дрэваапрацоўчых вытворчасцей, уведзены ў строй тэхналагічныя лініі па вытворчасці цэменту «сухім» спосабам, арганізавана вытворчасць комплексных складаназмешаных угнаенняў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У краіне асвоена серыйная зборачная вытворчасць легкавых аўтамабіляў, выраблены самы буйны ў свеце кар’ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т. «Чарга на атрыманне яго выстраілася па ўсім свеце. Пабудаваны завод па вытворчасці сучасных чыгуначных электрапаяздоў. Такія электрапаязды ўжо сталі на рэйкі ў нашай Беларусі. Пачалося будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі», — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што мадэрнізацыя вытворчасці дала магчымасць абнавіць тэхналогіі і істотна скараціць затраты на выпуск вырабаў. Зніжэнне ўзроўню матэрыялаёмістасці прадукцыі ў прамысловасці склала каля 8 працэнтаў. За 5 гадоў уведзена ў эксплуатацыю і тэхнічна перааснашчаны больш за тысячу малочнатаварных, 55 свінагадоўчых, 456 зернесушыльных комплексаў, больш як 500 птушкагадоўчых ферм. «Уся новая тэхніка ў вёсцы айчыннай вытворчасці. Аўтаматызацыя асноўных тэхналагічных працэсаў сельгасвытворчасці дала магчымасць павялічыць прадукцыйнасць працы за пяцігодку ў вёсцы амаль у 1,5 раза», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
У Беларусі за 5 гадоў плануецца рэалізаваць больш як 80 буйных інвестпраектаў на $27 млрд
«Галоўнай крыніцай росту ВУП з’яўляюцца эфектыўныя інвестыцыі. За пяцігоддзе неабходна рэалізаваць больш як 80 буйных інвестыцыйных праектаў на суму звыш $27 млрд, прыцягнуць не менш як $14 млрд знешніх крыніц, уключаючы поўнае выкарыстанне крэдытных ліній і прамых інвестыцый КНР. Гэта наш асноўны інвестар», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Інвестыцыі з’яўляюцца адным з ключавых прыярытэтаў развіцця краіны на пяцігоддзе.
«Асноўная навізна інвестыцыйнай палітыкі заключаецца ў наступным: ільготнае крэдытаванне ўсіх новых праектаў і праграм будзе ажыццяўляцца сумленна і адрыта праз адзінага аператара. Галоўны прынцып — конкурснае размеркаванне сродкаў, перавага будзе аддавацца акупнасці і вяртальнасці рэсурсаў. Асаблівая роля будзе адведзена знешнім крыніцам фінансавання, у аснове — замежныя інвестыцыі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Інавацыі, інфарматызацыя, навука
Эканоміка Беларусі павінна стаць інавацыйнай па сваёй сутнасці — Лукашэнка
Вопыт многіх развітых краін сведчыць, што іх эканамічная канкурэнтаздольнасць, роля і ўплыў у сусветнай эканоміцы, узровень і якасць жыцця грамадзян залежаць непасрэдна ад інавацый і развіцця «разумнай» эканомікі, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Сусветная прамысловасць знаходзіцца ў стадыі пераходу да наступнага тэхналагічнага ўкладу. «За кошт інвестыцый нацыянальная эканоміка павінна стаць інавацыйнай па сваёй сутнасці. У гэтым вялікі рэзерв аднаўлення яе канкурэнтаздольнасці. Таму трэба кіравацца правілам, што важнейшая сфера капіталаўкладанняў — інавацыі, гэта значыць стварэнне новай, навукаёмістай прадукцыі, канкурэнтаздольнай на сусветным рынку», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Для гэтага трэба ўдасканальваць структуру прамысловага комплексу, ствараць і развіваць навукаёмістыя сектары, адзначыў беларускі лідар. Па выніках апошняга рэйтынгу Беларусь увайшла ў дзясятку краін з эканомікай ведаў, што найбольш дынамічна развіваецца. Па намінацыі «навука і тэхналогіі» рэспубліка займае 37-е месца сярод амаль 170 краін свету.
Лукашэнка: больш як 80 высокаэфектыўных лякарстваў трэба будзе распрацаваць у Беларусі
«Трэба будзе сфарміраваць высокатэхналагічны сектар шляхам паскоранага развіцця фармацэўтыкі і біятэхналагічных вытворчасцей. Рынак лекавых сродкаў ЕАЭС вялізны — $20 млрд. Значная частка нават самых простых лякарстваў на ім — імпарт з трэціх краін. Нам патрэбны эфектыўныя, бяспечныя, якасныя лекавыя сродкі. Трэба распрацаваць больш за 80 новых высокаэфектыўных прэпаратаў, у тым ліку якія займаюць значную долю ў імпарце, і нарасціць экспарт не менш як да 40 працэнтаў ад агульнага аб’ёму вытворчасці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што ў рэспубліцы будзе сфарміраваны новы прамысловы комплекс для вытворчасці складанай медыцынскай тэхнікі: рэнтген-апаратаў, хімічных і электронна-аптычных аналізатараў.
Кластар энергаёмістых вытворчасцей неабходна сфарміраваць вакол БелАЭС — Лукашэнка
У гэтай пяцігодцы дынамічнае развіццё атрымае энергетычны комплекс краіны. Так, у 2018-2020 гадах пачнуць працаваць абодва блокі Беларускай АЭС. Будзе створана каля 2 тыс. рабочых месц.
«Гэта крок да патаннення энергарэсурсаў, а значыць, база павышэння канкурэнтаздольнасці ўсіх сектараў эканомікі: прамысловасці, транспарту, сферы паслуг. Беларусі неабходна выкарыстоўваць перавагі ядзернай энергетыкі для фарміравання вакол атамнай станцыі кластара энергаёмістых вытворчасцей. Трэба сфарміраваць умовы для пераходу ад выкарыстання прадпрыемствамі і грамадзянамі прыродных рэсурсаў, напрыклад, газу і нафты, на адносна недарагую электраэнергію», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Экспарт
Лукашэнка расказаў аб экспартнай стратэгіі Беларусі
«Знешнеэканамічная стратэгія Беларусі будзе накіравана на ўстанаўленне ўзаемавыгадных сувязей як на Усходзе, так і на Захадзе і Поўдні. Перш за ўсё нам неабходна максімальна выкарыстоўваць перавагі інтэграцыйных праектаў, створаных на постсавецкай прасторы па нашай ініцыятыве і пры самым актыўным удзеле, — Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага эканамічнага саюза, Садружнасці Незалежных Дзяржаў», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
«Пры ўсіх аб’ектыўных цяжкасцях, звязаных з сітуацыяй на гэтых рынках, мы павінны разумець, што замежным інвестарам мы цікавыя, і не ў апошнюю чаргу, дзякуючы таму што ў нас ёсць свабодны доступ да гэтых рынкаў. А гэта дзвесце пяцьдзясят мільёнаў чалавек. Таму нам ні ў якім разе нельга выходзіць з Еўразійскага рэгіёна і страчваць перавагі ў рабоце з нашымі бліжэйшымі суседзямі і саюзнікамі. Магчымасці для ўмацавання тут беларускіх пазіцый ёсць, імі трэба карыстацца», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Развіццё экспарту Прэзідэнт назваў адным з прыярытэтаў, паколькі гэты фактар у значнай ступені ўплывае на дабрабыт усёй краіны.
«Цяпер на першы план выходзіць такі аспект, як дыверсіфікацыя экспарту, асваенне новых рынкаў збыту тавараў і паслуг, — падкрэсліў беларускі лідар. — Першачарговая задача — выхад на новыя знешнія рынкі і ўзмацненне пазіцый на традыцыйных».
Прэзідэнт адзначыў, што першы год работы Еўразійскага эканамічнага саюза быў няпростым. Нягледзячы на гэта, у перыяд беларускага старшынства ў органах саюза зроблена нямала. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ёсць адчувальныя зрухі ў фарміраванні ўзгодненай прамысловай палітыкі, лібералізацыі рынку транспартных паслуг, развіцці экспарту, стварэнні агульнага рынку лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў. Закладзены асновы фарміравання агульнага рынку нафты і газу. «Вядома, нам трэба яшчэ шмат зрабіць для зняцця ўсіх бар’ераў унутры саюза. У гэтым пяцігоддзі мы павінны дабіцца практычнай рэалізацыі дамоўленасцей, а таксама істотна рушыць наперад у ліквідацыі выключэнняў і абмежаванняў, што засталіся, ва ўзаемным гандлі», — падкрэсліў беларускі лідар.
«Рэальна ацэньваючы патэнцыял традыцыйных рынкаў, мы прыходзім да высновы аб важнасці больш значнай прысутнасці беларускіх тавараў і паслуг у Еўропе, Азіі, Амерыцы, Афрыцы, — дадаў Прэзідэнт. — Асабліва складаная, але неабходная справа — пераарыентацыя экспарту з бліжэйшых рынкаў на краіны Азіі, Амерыкі, Афрыкі. Паколькі з краінамі «далёкай дугі» плануем прырост экспарту да 52 працэнтаў да цяперашняга ўзроўню».
Мадэрнізацыя кіравання
У Беларусі неабходна мадэрнізаваць кіраванне эканомікай — Лукашэнка
«Нам неабходна мадэрнізаваць кіраванне разам з абнаўленнем вытворчасцей. Менавіта тады мы атрымаем поўную аддачу ад мадэрнізацыі: заваюем новыя рынкі, прададзім прадукцыю з прыбыткам і дастойна заплацім кожнаму працаўніку», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, задача на бліжэйшыя 5 гадоў — пераадолець адставанне і трывала заняць сваю нішу ў сусветнай эканоміцы. «За гэты час мы павінны выйсці на якасна новы ўзровень тэхналогій у большасці галін і забяспечыць на гэтай аснове рост дабрабыту грамадзян», — сказаў ён.
Асновай руху наперад на сучасным этапе павінны стаць новыя падыходы да мадэрнізацыі эканомікі і эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне.
Удасканаленне кіравання эканомікай запатрабуе перагляду функцый міністэрстваў — Лукашэнка
«Удасканаленне кіравання эканомікай запатрабуе перагляду функцый міністэрстваў — узмацнення іх ролі ў фарміраванні галіновай палітыкі, маніторынгу і прагнозе развіцця галіны, пашырэнні і абароне інтарэсаў вытворцаў на знешніх рынках. Гэта дасць магчымасць аптымізаваць структуру дзяржаўных органаў, знізіць іх колькасць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, будуць прыняты рашэнні па перадачы з рэспубліканскай уласнасці ў камунальную прадпрыемстваў, якія не з’яўляюцца стратэгічнымі або функцыянальнымі, гэта значыць не забяспечваюць рэалізацыю дзяржаўных задач і функцый. «Мэта ў тым, што ўсе дзяржпрадпрыемствы, якія маюць перспектыву, павінны стаць высокадаходнымі актывамі, крыніцамі паступленняў у бюджэт у выглядзе падаткаў і дывідэндаў, даваць высокапрадукцыйныя і добра аплатныя рабочыя месцы нашым людзям», — падкрэсліў Прэзідэнт.
На яго думку, рэзервы па павышэнні эфектыўнасці дзяржсектара вялікія.
«Гаворачы аб эфектыўным дзяржаўным кіраванні, мы маем на ўвазе ўдасканаленне дзяржапарату, каб ён мог на вышэйшым прафесійным узроўні кіраваць дзяржаўнай уласнасцю, ператвараючы яе ў высокадаходныя актывы», — рэзюмаваў беларускі лідар.
Развіццё вёскі
Прэзідэнт: рэзервам развіцця вёскі павінны стаць фермерства і прадпрымальніцтва
«Вядома, стаўку мы рабілі і будзем рабіць на буйнатаварную вытворчасць, на фарміраванне скразных, добра арганізаваных прадуктовых кампаній, якія ахопліваюць усю інфраструктуру — ад вытворчасці зыходнай сельскагаспадарчай сыравіны да яе перапрацоўкі. А дадатковым рэзервам развіцця вёскі, які пакуль слаба выкарыстоўваецца, павінны стаць фермерства і прадпрымальніцтва», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
У фермерскіх гаспадарках рэспублікі занята 9 тыс. чалавек. «Да 2020 года неабходна стварыць не менш як 3,5 тыс. новых рабочых месц і павялічыць вытворчасць прадукцыі ў фермерскіх гаспадарках у 3 разы», — паставіў задачу беларускі лідар.
На яго думку, эфектыўна спрацавала норма аб крэдытаванні фермераў для куплі сельгастэхнікі айчыннай вытворчасці, людзі добра аб гэтым адзываюцца.
Аляксандр Лукашэнка даручыў аблвыканкамам выпрацаваць дадатковыя меры па пашырэнні гэтага вопыту. «Паглядзіце, можа трэба павялічыць ліміты мікракрэдытавання, прафінансаваць куплю тэхнікі, пашырыць памеры ўгоддзяў», — прапанаваў кіраўнік дзяржавы.
У цэлым, паводле яго слоў, да 2020 года сельская гаспадарка павінна стаць высокаэфектыўнай галіной з узроўнем рэнтабельнасці продажаў не меншым за 10 працэнтаў і экспартнай выручкай ад $7,5 млрд.
Кадравая палітыка
У дзяржапарат трэба прыцягнуць самых лепшых, самых кампетэнтных — Лукашэнка
«Мы проста абавязаны прыцягнуць у дзяржаўны апарат самых лепшых, самых кампетэнтных. А значыць, мы павінны прапанаваць ім па-сапраўднаму дастойныя ўмовы для работы, перш за ўсё — узровень аплаты працы. Настаў час прыняць кардынальныя рашэнні ў гэтай галіне», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Павінен быць павышаны прэстыж работы дзяржслужбы. «Гэта абавязковая ўмова, калі мы хочам дабіцца выніку. Паколькі ад ведаў, прафесіяналізму, кампетэнтнасці дзяржаўнага служачага часам залежыць вельмі многае — лёсы цэлых галін, прадпрыемстваў, у канчатковым выніку, лёсы працуючых там людзей», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Лукашэнка нацэльвае на амаладжэнне кадравага складу кіраўнікоў
Амаладжэнне кадравага складу кіраўнікоў, стварэнне ўмоў для праяўлення здольнасцей маладога пакалення з’яўляюцца важнейшым напрамкам арганізацыйнай і ідэалагічнай работы Адміністрацыі Прэзідэнта і ўсёй вертыкалі ўлады, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на V Усебеларускім народным сходзе.
«Матываваная, адукаваная, актыўная моладзь — гэта, па сутнасці, стратэгічны рэсурс развіцця краіны, любой краіны. Паколькі ад таго, якую змену мы выхаваем, наколькі падрыхтуем да самастойнага жыцця, залежыць будучае дзяржавы, прагрэс або дэградацыя грамадства», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Занятасць
Больш як 250 тыс. новых рабочых месц неабходна стварыць за пяцігоддзе — Прэзідэнт
«Удасканаленне структуры эканомікі непазбежна вядзе да вызвалення залішняй колькасці работнікаў. Каб не дапусціць рэзкага скачка беспрацоўя, трэба прыняць папераджальныя меры: палепшыць работу службаў занятасці, наладзіць перападрыхтоўку спецыялістаў, спрасціць умовы ператоку рабочай сілы паміж рэгіёнамі і галінамі. І галоўнае — новыя рабочыя месцы — высокапрадукцыйныя. Іх за пяцігоддзе трэба будзе стварыць больш як 250 тыс.», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Для гэтага, паводле яго слоў, трэба задзейнічаць канкурэнтаздольныя фінансавыя механізмы. «Праз нашы банкі адкрываецца доступ да фінансавых інструментаў і рынкаў Еўрасаюза, сродкаў міжнародных фінансавых арганізацый. Айчыннымі банкамі можа быць прадастаўлена прыватнаму бізнесу каля мільярда долараў кітайскіх крэдытаў ужо цяпер», — адзначыў Прэзідэнт.
Важнейшы інструмент не толькі самазанятасці, але і творчай рэалізацыі насельніцтва — развіццё малога і сярэдняга бізнесу, упэўнены кіраўнік дзяржавы. Пераходзячы ў бізнес, людзі змогуць забяспечваць сябе і свае сем’і, а таксама працаўладкаваць двух-трох чалавек. Сферы прыкладання намаганняў тут не абмежаваны, усё залежыць ад жаданняў і магчымасцей людзей ствараць сваю справу. Найбольш прывабнымі з’яўляюцца сфера бытавых паслуг, гандаль, індывідуальная вытворчасць.
«Разняволенне дзелавой ініцыятывы павінна стаць рухаючай сілай для аднаўлення эканамічнага росту і стварэння новых рабочых месц», — сказаў Прэзідэнт.
Сацыяльная палітыка
Лукашэнка: пастаўлена задача забяспечыць узровень пенсій у памеры 40 працэнтаў ад зарплаты
«У гэтай пяцігодцы мы пачнём рэфармаванне і сістэмнае ўдасканаленне нашай пенсійнай сістэмы. Каб не дапусціць зніжэння ўзроўню пенсій і рэгулярнасці іх выплат, спатрэбілася перагледзець тэрміны выхаду людзей на заслужаны адпачынак. Пастаўлена задача забяспечыць узровень пенсій у памеры 40 працэнтаў ад заработнай платы — сусветны стандарт», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, нельга забываць аб стварэнні зручнага асяроддзя жыццядзейнасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. «Гэта важная задача, і мы яе павінны вырашаць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — На працягу пяцігодкі безбар’ернае асяроддзе будзе створана больш як на 3,5 тыс. аб’ектаў рэспублікі».
Сярэдняя чаканая працягласць жыцця беларусаў да 2020 года дасягне 75 гадоў
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што развіццё ўсіх звёнаў аховы здароўя знаходзіцца пад асаблівым кантролем кіраўніцтва краіны і мясцовых органаў улады. Ад стану гэтай сферы шмат у чым залежыць забеспячэнне працяглага і актыўнага жыцця людзей, залогам якога з’яўляецца здароўе. «Да 2020 года чаканая сярэдняя працягласць жыцця павялічыцца і перасягне 75 гадоў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Гэтаму, паводле слоў беларускага лідара, будуць служыць узмацненне прафілактычнай і рэабілітацыйнай работы сістэмы аховы здароўя, пашырэнне ахопу насельніцтва паслугамі першаснай медыцынскай дапамогі, фарміраванне здаровага ладу жыцця і зніжэнне ўплыву фактараў рызыкі.
«Усе ўстановы аховы здароўя павінны быць нацэлены перш за ўсё на ранняе дыягнаставанне і лячэнне максімальна шырокага спектра хвароб на якасна высокім узроўні. У гэтым напрамку работа павінна быць узмоцнена», — адзначыў беларускі лідар.
Расходы на сферу аховы здароўя складаюць больш як 5 працэнтаў ВУП, прычым дзяржава забяспечвае іх асноўную долю. Дзяржаўная медыцына — самая прадукцыйная сістэма, якая найлепшым чынам служыць шырокім слаям насельніцтва. Сусветнай супольнасцю высока ацэнены дасягненні ў развіцці гэтай галіны.У рэйтынгу эфектыўнасці аховы здароўя «Блумберг» Беларусь заняла 47-е месца, апярэдзіўшы ЗША і Расію.
Лукашэнка абяцае прадаўжэнне палітыкі па падтрымцы сем’яў з дзецьмі
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, дзяржава будзе і ў далейшым прымяняць такія механізмы падтрымкі сям’і, як фарміраванне сямейнага капіталу, аказанне дапамогі шматдзетным сем’ям да навучальнага года, прадастаўленне шырокага спектра сацыяльных паслуг сем’ям з дзецьмі.
«Мы не павінны дапускаць таго, каб з нараджэннем кожнага наступнага дзіцяці зніжаліся і магчымасці бацькоў для пошуку перспектыўнай работы», — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сёння яшчэ ёсць пытанні з дзіцячымі садамі, асабліва ў буйных гарадах — там, дзе ствараюцца новыя мікрараёны. «Мы будзем будаваць дзіцячыя сады», — запэўніў Прэзідэнт.
«У канчатковым выніку наша задача — захаваць дадатныя тэндэнцыі нараджальнасці насельніцтва і забяспечыць дэмаграфічную бяспеку», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка: крэдыты на будаўніцтва і набыццё жылля павінны быць даступнымі
«За пяцігодку мы плануем пабудаваць звыш 18 млн кв.м жылля, у тым ліку 1,55 млн — для маючых патрэбу грамадзян, якія стаяць на ўліку», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
За апошнія пяць гадоў у Беларусі пабудавана больш за 25 млн кв.м жылля. Паводле слоў Прэзідэнта, эфектыўнасць будаўнічай галіны неабходна павялічваць за кошт пераходу на новыя тэхналогіі. Ён падкрэсліў, што жылы фонд спажывае для ацяплення і гарачага водазабеспячэння 35-40 працэнтаў энергарэсурсаў краіны. «Усе працэсы павінны быць удасканалены», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння ставіцца задача пераарыентацыі магутнасцей галіны на экспарт паслуг — праектаванне і здачу аб’ектаў пад ключ. Таксама больш актыўна, паводле слоў беларускага лідара, будзе развівацца індывідуальнае будаўніцтва.
Лукашэнка: сістэма адукацыі не павінна быць адарванай ад эканомікі
«Трэба павялічваць практыка-арыентаванасць навучання. Гэта адзіны шлях падрыхтоўкі спецыялістаў, якія валодаюць інфармацыйнымі тэхналогіямі, ведаюць усе этапы вытворчасці. Ідэя бесперапыннай адукацыі, зразумела, не азначае, што чалавек усё жыццё будзе студэнтам. Размова ідзе аб адукацыі, якая фарміруе ў чалавеку імкненне да пастаяннага ўдасканалення і самаразвіцця», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што сістэма адукацыі павінна выпрацоўваць у людзей здольнасць адаптавацца да зменлівых умоў. «Трэба навучыць вучыцца», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
На думку беларускага лідара, вызначацца з падрыхтоўкай кадраў для высокатэхналагічных і навукаёмістых галін эканомікі неабходна ўжо сёння.
Лукашэнка: змагацца за здаровы лад жыцця трэба ўсёй грамадой
«Мы не можам мірыцца з тым, што працягласць жыцця беларусаў меншая, чым у самых развітых краінах Заходняй Еўропы. Паколькі многія прычыны смяротнасці залежаць ад нас саміх, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Недапушчальна вялікая колькасць нашых грамадзян гіне ў дарожна-транспартных здарэннях, на пажарах, на вытворчасці, тоне ў вадаёмах. Нельга недаацэньваць і такую вострую для нашага грамадства праблему, як алкагалізм і наркаманія. У большасці сваёй ад атручэння алкаголем і ўжывання наркотыкаў паміраюць маладыя людзі, якім яшчэ жыць і жыць.
Мерапрыемствы па папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму патрабуюць асаблівай увагі не толькі медыцынскіх і праваахоўных органаў, але і ўсяго грамадства, адзначыў кіраўнік дзяржавы. Паколькі гэта бяда наносіць удар як па канкрэтных людзях і сем’ях, так і па генетычным кодзе ўсёй нацыі і іміджы народа. «Каму з нас будзе прыемна, калі Беларусь назавуць краінай п’яніц і наркаманаў? Таму і змагацца за здаровы лад жыцця трэба ўсёй грамадой», — адзначыў беларускі лідар.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, перш за ўсё неабходна стварыць асяроддзе, спрыяльнае для жыццядзейнасці сем’яў (сферы сямейнага правядзення вольнага часу, паслуг для сем’яў з дзецьмі). Настойліва папулярызаваць у грамадстве пазітыўнае стаўленне да сем’яў, у якіх не дапускаецца п’янства. Станоўчы прыклад бацькоў — гэта надзейны шлях выхавання з самага ранняга дзяцінства дастойнага чалавека.
Нельга адкладваць вырашэнне гэтых задач, адзначыў кіраўнік дзяржавы. Меры па стварэнні ўмоў, спрыяльных для нараджэння дзяцей, зніжэння смяротнасці павінны рэалізоўвацца комплексна. Упэўнены, што нашаму грамадству пад сілу вырашыць гэтыя задачы і стабілізаваць поспех у росце колькасці беларускага насельніцтва.
«Для папулярызацыі моды на здароўе неабходна актыўна выкарыстоўваць таксама фізкультуру і спорт. Трэба накіраваць фізкультурна-масавую работу на павелічэнне аздараўленчых груп, клубаў па інтарэсах, секцый па відах спорту», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама выказаў пажаданне, каб прафесійныя беларускія спартсмены, асабліва ў гульнявых відах, часцей радавалі мільёны балельшчыкаў і аматараў сваімі паспяховымі выступленнямі і яркімі перамогамі на прэстыжных турнірах і чэмпіянатах.
Развіццё рэгіёнаў
Лукашэнка бачыць Беларусь праз пяць гадоў моцнай і працвітаючай
«Мне бачыцца Беларусь праз пяць гадоў моцнай і працвітаючай, незалежнай і дружалюбнай, прыгожай і ўтульнай для жыцця людзей. Так і будзе», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Не навязваючы вам сваёй думкі, хачу заўважыць, што праект праграмы, вынесены на ўсенароднае абмеркаванне, з’яўляецца рэалістычным, улічвае нашы магчымасці і ў той жа час дазваляе значна дабавіць па ўсіх важнейшых параметрах», — сказаў Прэзідэнт.
Сённяшняя глабалізацыя, фундаментальныя зрухі ў сусветнай эканоміцы ставяць перад Беларуссю, як і перад іншымі краінамі, новыя задачы, у вырашэнні якіх ёсць розныя варыянты. «Адкрыта скажу, нам трэба выбраць лепшы з іх, каб энергічна рухацца наперад — да матэрыяльнага дастатку, духоўнага багацця, дабрабыту кожнага грамадзяніна і працвітання роднай Беларусі. Але для гэтага ў першую чаргу патрэбны адзінства і згода ў грамадстве, мір і парадак у краіне», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў беларускага лідара, галоўнае цяпер — выкарыстаць любы шанц і магчымасць пераадолець усе цяжкасці на шляху прагрэсу і стварэння, не паддавацца дэпрэсіі і застою, захоўваючы ўсё лепшае з мінулага, упэўнена рухацца да мэты.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што краіна зможа паспяхова стварыць і развіваць новыя галіны эканомікі, для гэтага ёсць усе перадумовы. Ёсць магчымасць надаць магутны імпульс уздыму традыцыйных галін за кошт інфарматызацыі і новых тэхналогій, а таксама аптымальных метадаў кіравання. Беларусь можа стаць адным з ключавых цэнтраў прыцягнення капіталаў, развіцця лагістычнай сістэмы і ўвайсці ў лік перадавых краін свету.
«Усё залежыць ад нас, ад нашага выбару і настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэт. Жыццё паказвае, што мэтанакіраванасць народа можа тварыць цуды», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Падвядзенне вынікаў работы сходу
Лукашэнка: народаўладдзе — важнейшы інструмент прыняцця лёсавызначальных рашэнняў у Беларусі
Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў заключным слове на пятым Усебеларускім народным сходзе.
«Форум з усёй відавочнасцю паказаў, што народаўладдзе з’яўляецца важнейшым інструментам прыняцця лёсавызначальных рашэнняў у Беларусі. Мне вельмі спадабаліся вашы дзелавы настрой на работу і адначасова нязмушаная дружалюбная атмасфера сходу», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«Адчувалася, што дэлегаты прымаюць ускладзены на іх груз адказнасці за рашэнні, што вызначаюць будучыню як грамадства, так і дзяржавы. Я ўдзячны ўсім дэлегатам за падтрымку, разуменне, актыўны ўдзел у распрацоўцы і прыняцці праграмных дакументаў. Мы з вамі ўсебакова абмеркавалі важнейшыя праблемы нашага жыцця, падвялі на самым прадстаўнічым форуме краіны вынікі, далі самакрытычную ацэнку зробленаму ў папярэднім пяцігоддзі. Намі зацверджана доўгатэрміновая стратэгія развіцця краіны, прыняты праграмныя дакументы на наступныя пяць гадоў, выпрацаваны асноўныя напрамкі інавацыйнага абнаўлення краіны, мадэрнізацыі эканомікі з улікам новых сусветных тэндэнцый», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Я глядзеў на былых кіраўнікоў нашай краіны (былых, праўда, не бывае), на кіраўнікоў савецкага перыяду і думаў: «Ці думалі яны калі-небудзь, што ў такой прадстаўнічай зале, падобнай на з’езды партыі ў свой час, будуць гучаць такія даклады і выступленні, дзе наогул і ў словах, тэрмінах складана разабрацца». Гэта сведчыць аб тым, наколькі за перыяд аднаго пакалення рушыла наперад наша Беларусь і якімі тэмпамі развіваецца ўвесь свет і сусветная эканоміка», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі вызначаны перспектывы фарміравання высокатэхналагічнага бізнесу з упорам на інвестыцыі і новыя сістэмы кіравання. «Усё гэта для таго, каб забяспечыць няўхільны рост дабрабыту нашых людзей, дынамічнае развіццё беларускай дзяржавы, умацаванне яе пазіцый у міжнароднай супольнасці», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
Лукашэнка: праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігоддзе — аснова для прыняцця рашэнняў
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на пяцігоддзе — не вычарпальны дакумент. «Жыццё настолькі разнастайнае, што ўсё немагчыма прапісаць у адным дакуменце», — дадаў ён.
«Гэтай праграмай мы толькі вызначылі перспектывы, толькі намецілі шляхі, па якіх зможам рухацца да пастаўленых мэт. Але гэта тыя шляхі, якія мы сёння бачым або тэарэтычна ўсвядомілі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Паколькі жыццё вельмі разнастайнае, узнікне яшчэ мноства іншых пытанняў. Нам давядзецца прымаць шмат рашэнняў за межамі гэтай праграмы, вядома, грунтуючыся на яе палажэннях».
«Я прашу гэта мець на ўвазе і глядзець шырэй на задачы, якія перад намі пастаўлены», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка паставіў задачу пракантраляваць выкананне прынятых на Усебеларускім народным сходзе рашэнняў
Прэзідэнт падкрэсліў, што выкананне прынятых рашэнняў павінна заставацца на кантролі. «І самая лепшая форма кантролю — тэматычныя мерапрыемствы вертыкалі ўлады, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Адміністрацыі Прэзідэнта, ураду, іншым органам улады неабходна вярнуцца да гэтай формы. І пакласці ў аснову мерапрыемстваў кантроль за выкананнем прынятых на Усебеларускім народным сходзе рашэнняў».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адказныя асобы, якіх гэта датычыцца, будуць ведаць, што «на вялікім форуме з іх спытаюць».
Ён таксама акцэнтаваў увагу на тым, што грамадзяне павінны атрымаць адказы на ўсе свае пытанні. «Людзі павінны разумець, што калі пытанне пастаўлена, то яно знойдзе або вырашэнне, або, прынамсі, на яго адрэагуе ўлада», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ключавая задача на пяцігоддзе — устойлівы эканамічны рост — рэзалюцыя Усебеларускага сходу
Ключавой задачай на наступнае пяцігоддзе павінна быць аднаўленне і забеспячэнне далейшага ўстойлівага эканамічнага росту як асновы для паспяховага жыцця будучых пакаленняў, гаворыцца ў рэзалюцыі V Усебеларускага народнага сходу.
«Адобрыць асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады і падтрымаць яе галоўную мэту — павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця», — сказана ў рэзалюцыі.
«Базавым фактарам эканамічнага развіцця ў бліжэйшае пяцігоддзе з’яўляецца павышэнне эфектыўнасці кіравання на ўсіх узроўнях, у тым ліку шляхам аптымізацыі функцый дзяржапарату і структуры дзяржаўных актываў», — адзначана ў дакуменце.
У час сходу ад дэлегатаў паступіла каля 150 канкрэтных прапаноў. Яны датычацца разняволення дзелавой ініцыятывы, крэдытаў для рэальнага сектара эканомікі, замацавання маладых кадраў, павелічэння турыстычнага патоку і шмат іншага. Таксама пры дапрацоўцы праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады ўраду рэкамендавана ўлічыць заўвагі і прапановы, якія выказалі Прэзідэнт Беларусі і дэлегаты Усебеларускага народнага сходу.
Таксама ў рэзалюцыі адзначана, што рэалізацыя Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады забяспечыла захаванне палітычнай стабільнасці, устойлівасці эканомікі і сацыяльнай абароны насельніцтва. Аднак з-за негатыўных знешніх і ўнутраных фактараў асноўныя прагнозныя паказчыкі не былі дасягнуты. Гэта запатрабавала прыняць узважаныя комплексныя меры па пераадоленні негатыўных тэндэнцый.
Рэзалюцыя будзе перададзена Прэзідэнту Беларусі для разгляду і прыняцця неабходных рашэнняў.
Талент і прадпрымальнасць павінны стаць галоўнай рухаючай сілай — дэлегаты Усебеларускага сходу
Чалавек, яго ініцыятыва, талент і прадпрымальнасць павінны стаць галоўнай рухаючай сілай развіцця краіны, заяўляецца ў звароце пятага Усебеларускага народнага сходу да суайчыннікаў.
«Сход выказвае вялікую ўдзячнасць беларускаму народу, яго самаадданай працы і клопату аб нашым агульным доме», — таксама адзначана ў звароце.
Дэлегаты заявілі і аб тым, што, нягледзячы на пэўныя складанасці ў эканоміцы, у грамадстве захоўваецца сацыяльна-палітычная стабільнасць. «Наша галоўнае дасягненне — мір, спакой і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, якія мы з гордасцю перадаём новаму пакаленню грамадзян незалежнай Беларусі», — адзначылі ўдзельнікі форуму.
Таксама акцэнт зроблены на тым, што, адобрыўшы асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады, дэлегаты адвялі вырашальную ролю чалавечаму капіталу і інавацыям ва ўстойлівым развіцці краіны.
Пры гэтым будзе захавана сацыяльная накіраванасць эканомікі. «Асноўнымі індыкатарамі ў гэтай сферы стануць рост дабрабыту людзей, паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі, умацаванне здароўя насельніцтва, развіццё сістэмы адраснай сацыяльнай дапамогі», — заяўлена ў дакуменце.
Пяты Усебеларускі народны сход праходзіў у Мінску з 22 па 23 чэрвеня. Удзельнікамі мерапрыемства сталі 2,5 тыс. чалавек. На форуме збіраліся прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства: рабочыя, працаўнікі вёскі, работнікі сацыяльна-культурнай сферы і СМІ, ваеннаслужачыя, прадпрымальнікі, студэнты, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, пенсіянеры. Дэлегатамі форуму сталі таксама кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый, парламентарыі, дэпутаты мясцовых Саветаў, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў.
На Усебеларускі народны сход былі запрошаны каля 150 гасцей, у тым ліку амаль 100 — з-за мяжы.
БелТА