Тэма тыдня: праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады

Тема недели

belta

 

Асноўныя палажэнні праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады былі апублікаваны 17 чэрвеня. Сярод асноўных мэт пяцігодкі: прырост ВУП Беларусі ў 2020 годзе да 2015 года — 12-15 працэнтаў, рост рэальных грашовых даходаў грамадзян — 9,5-11,6 працэнта, зніжэнне ставак па крэдытах да 9-11 працэнтаў. Для дасягнення пастаўленых мэт развіццё краіны будзе грунтавацца на наступных прыярытэтах: інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя, моладзь. Галоўная мэта развіцця краіны на 2016-2020 гады — павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця. Дакумент будзе разглядацца на Усебеларускім народным сходзе 22-23 чэрвеня.

Мэты пяцігодкі: ВУП Беларусі плюс 12-15 працэнтаў, магчымасць пабудаваць жыллё ў кожнай сям’і, рост працягласці жыцця да 75,3 года

У 2020 годзе прырост ВУП Беларусі да 2015 года складзе 12-15 працэнтаў, у кожнай беларускай сям’і будзе магчымасць пабудаваць свой дом або кватэру, а працягласць жыцця павялічыцца да 75,3 года. Гэта прадугледжана праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады, якая будзе абмяркоўвацца на пятым Усебеларускім народным сходзе.

Сярод мэт пяцігодкі таксама рост рэальных грашовых даходаў грамадзян — 9,5-11,6 працэнта, зніжэнне ставак па крэдытах да 9-11 працэнтаў. Доля суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі да 2020 года дасягне 40 працэнтаў

Праграмай прадугледжана разняволенне дзелавой ініцыятывы. «Беларусь — краіна роўных магчымасцей. Роля дзяржавы будзе заключацца ў стварэнні спрыяльных умоў для ініцыятывы і вядзення бізнесу як у дзяржаўным, так і прыватным сектары. Любы ініцыятыўны чалавек незалежна ад узроўню адукацыі або наяўнасці спецыяльных эканамічных ведаў зможа пачаць сваю справу ў Беларусі або знайсці работу даспадобы», — напісана ў дакуменце.

Дзяржава забяспечыць абарону і недатыкальнасць правоў прыватнай уласнасці, зніме абмежавальныя бар’еры, лібералізуе кантрольную дзейнасць.

Для гэтага прадугледжваецца пашырэнне форм дзяржаўнай падтрымкі суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва; павышэнне эфектыўнасці бюджэтна-падатковай і грашова-крэдытнай палітыкі; увядзенне адміністрацыйнай (а пры паўторным учыненні — крымінальнай) адказнасці за ўмяшанне службовых асоб праваахоўных (кантралюючых, наглядных) органаў у законную дзейнасць суб’ектаў гаспадарання; істотнае зніжэнне фінансавых санкцый за нязначныя парушэнні; радыкальнае спрашчэнне і скарачэнне колькасці відаў і форм справаздачнасці; укараненне сістэмы ацэнкі наступстваў прыняцця нарматыўных прававых актаў у сферы прадпрымальніцкай дзейнасці; скарачэнне колькасці ліцэнзуемых відаў дзейнасці; увядзенне інстытута падатковых кансультантаў у мэтах якаснага прадастаўлення адпаведных паслуг.

Таксама ў праграме закладзена прыняцце стымулюючых мер для хуткага адкрыцця сваёй справы. Так, новаствараемыя на тэрыторыі сельскай мясцовасці і гарадоў (за выключэннем Мінска і абласных цэнтраў) прадпрыемствы будуць вызвалены на працягу двух гадоў ад падатку на прыбытак і падатку на нерухомую маёмасць. Дзяржава ў рамках адпаведнай праграмы падтрымае пашырэнне інавацыйнай інфраструктуры малога і сярэдняга бізнесу ў рэгіёнах рэспублікі (тэхнапаркі, венчурныя арганізацыі, цэнтры падтрымкі, інкубатары малога прадпрымальніцтва). Акрамя таго, прадугледжваецца сфарміраваць пакет базавых паслуг, якія будуць прадастаўляцца бізнесу на бязвыплатнай аснове; забяспечыць ажыццяўленне адміністрацыйных працэдур у электронным выглядзе, пачынаючы ад падачы заявак і заканчваючы атрыманнем вынікаў у выглядзе электроннага дакумента. Плануецца спрасціць перадачу невыкарыстоўваемых аб’ектаў нерухомай маёмасці, якія знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы, для стварэння вытворчага бізнесу і рабочых месц.

Інструменты эканамічнага рэгулявання будуць накіраваны на падтрыманне добрасумленнай канкурэнцыі і процідзеянне манапалізму.

Прамое рэгуляванне цэн і тарыфаў будзе захавана толькі на паслугі, што аказваюцца прадпрыемствамі, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках, і натуральнымі манаполіямі, а таксама на асобныя групы тавараў (у прыватнасці, паліва, электра- і цеплаэнергію). Для эфектыўнага забеспячэння роўных канкурэнтных умоў гаспадарання на базе Міністэрства гандлю ствараецца антыманапольны орган.

Рэалізацыя намечаных мер дасць магчымасць сфарміраваць паўнацэннае канкурэнтнае асяроддзе, устанавіць адзіныя правілы вядзення бізнесу. Вынікам вырашэння пастаўленых задач стане рост долі суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў агульным аб’ёме валавой дабаўленай вартасці з 28,7 працэнта ў 2014 годзе да 40 працэнтаў у 2020-м.

Інфляцыя ў Беларусі знізіцца да 5 працэнтаў да канца 2020 года — праект праграмы

Для эканомікі гэта азначае макрастабільнасць, для прадпрыемстваў — даступныя крэдыты, для кожнага грамадзяніна — спыненне росту цэн. Згодна з праектам праграмы, стаўка рэфінансавання стане базавым інструментам рэгулявання ўзроўню працэнтных ставак у эканоміцы. Па выніках 2017 года іх узровень па новых крэдытах у нацыянальнай валюце прагназуецца ў памеры 17-18 працэнтаў. Да канца 2018 года ён павінен скласці 14-15 працэнтаў гадавых, 2019 года — 11-12 працэнтаў, 2020-га — 9-11 працэнтаў гадавых. Развіццё канкурэнцыі ў банкаўскім сектары і ўкараненне сучасных тэхналогій прывядзе да зніжэння кошту і росту даступнасці банкаўскіх паслуг.

Курсавая палітыка застанецца гібкай, падкрэсліваецца ў праекце праграмы. Золатавалютныя рэзервы істотна павялічацца і будуць падтрымлівацца на бяспечным узроўні.

Адна з мэт на бягучую пяцігодку — стварэнне паўнацэннага фінансавага рынку як абавязковай умовы ўстойлівага эканамічнага росту. Ключавыя задачы ў гэтай сферы заключаюцца ў забеспячэнні гарантый захаванасці ўкладаў насельніцтва, устойлівасці банкаўскай сістэмы краіны, прыцягненні інвестыцый і найноўшых тэхналогій у фінансавы сектар.

Развіццё фінансавага рынку дасць насельніцтву прывабныя сферы ўкладання грошай.

Плануецца забяспечыць свабодную куплю-продаж акцый айчынных і замежных арганізацый усіх форм уласнасці. Будзе лібералізавана валютная сістэма. Прадугледжваецца, што тэрміны вяртання валютнай выручкі ў краіну будуць устанаўлівацца ў кантрактах, будуць адменены абавязковы продаж і мэтавая купля замежнай валюты, абмежаванні на адкрыццё рахункаў у замежных банках.

Для рэальнага сектара эканомікі фінансавы рынак прадаставіць новыя, больш даступныя крыніцы фінансавання: карпаратыўныя аблігацыі, праектнае фінансаванне, размяшчэнне акцый беларускіх прадпрыемстваў на міжнародных фондавых біржах пры дапамозе замежных дэпазітарных распісак. Як адзначаецца ў праекце праграмы, забеспячэнне макраэканамічнай стабільнасці разам з мерамі па паляпшэнні інвестыцыйнага клімату створаць аснову для паляпшэння суверэннага крэдытнага рэйтынгу краіны, беларускіх банкаў і прадпрыемстваў. Гэта дасць магчымасць істотна аблегчыць доступ прадпрыемстваў да фінансавых рэсурсаў для інвестыцыйнага развіцця.

Прадоўжыцца ўдасканаленне дзейнасці Банка развіцця Беларусі як дзяржаўнага інстытута падтрымкі прыярытэтных напрамкаў развіцця эканомікі. Асноўны акцэнт будзе зроблены на крэдытаванні экспарту, фінансаванні інвестыцыйных праектаў, у тым ліку дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Узрасце даступнасць фінансавых паслуг для насельніцтва і прадпрыемстваў праз паскоранае развіццё сучасных інфармацыйных тэхналогій. Усе атрымаюць магчымасць ажыццяўляць шырокі спектр банкаўскіх аперацый дыстанцыйна, не прыходзячы ў банк. Чакаецца, што гэта правядзе да скарачэння аперацыйных выдаткаў банкаў і, адпаведна, зніжэння кошту банкаўскіх паслуг для карыстальнікаў.

Больш за 80 буйных інвестпраектаў на $27 млрд плануецца рэалізаваць у Беларусі ў 2016-2020 гадах

У ліку праектаў — будаўніцтва атамнай электрастанцыі; арганізацыя вытворчасці легкавых аўтамабіляў СЗАТ «БЕЛДЖЫ», стварэнне Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», распрацоўка радовішчаў калійных угнаенняў з будаўніцтвам горна-абагачальных комплексаў на Петрыкаўскім і Старобінскім радовішчах, будаўніцтва завода па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на базе ААТ «Светлагорскі ЦКК» і завода па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі ААТ «ММПЗ-груп», праектаванне і будаўніцтва эксперыментальнага шматфункцыянальнага комплексу «Мінск-Мір».

Адна з найважнейшых задач пяцігодкі — павышэнне эфектыўнасці інвестыцый, прыцягненне прамых замежных інвестыцый.

Згодна з дакументам, інвестыцыйная палітыка будзе грунтавацца на рыначных прынцыпах прадастаўлення інвестыцыйных рэсурсаў, эфектыўнасці іх выкарыстання, паляпшэнні дзелавога клімату. У новай пяцігодцы прыярытэты інвестыцыйнай палітыкі зрушваюцца ў рэальны сектар, а дакладней — у праекты з высокай акупнасцю. Гэта прадугледжвае перш за ўсё абнаўленне актыўнай часткі асноўных сродкаў, набыццё перадавых тэхналогій, інфармацыйных сістэм, робататэхнікі.

Асноўнымі напрамкамі выкарыстання інвестыцый стануць стварэнне высокаэфектыўных і экспартаарыентаваных вытворчасцей, новых рабочых месц у сферы паслуг; рэалізацыя прыярытэтных праграм у сацыяльнай сферы; будаўніцтва аб’ектаў інжынернай інфраструктуры.

Прадастаўленне дзяржаўнай падтрымкі і льготных крэдытных рэсурсаў на выкананне інвестыцыйных праектаў будзе ажыццяўляцца на конкурснай аснове ў рамках дзяржаўных праграм з улікам іх накіраванасці на рэалізацыю прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Інвестыцыі, якія не маюць прамога эканамічнага эфекту і акупнасці, але накіраваныя на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі і вырашэнне стратэгічна важных для краіны сацыяльных пытанняў, будуць ажыццяўляцца ў межах бюджэтных магчымасцей. Інвестыцыйныя патокі з дзяржаўнай падтрымкай па ключавых напрамках сканцэнтраваны ў 20 дзяржаўных праграмах.

«Прыярытэтнай крыніцай мадэрнізацыі эканомікі ў бягучай пяцігодцы з’яўляюцца прамыя замежныя інвестыцыі», — гаворыцца ў дакуменце.

Задачам іх актыўнага прыцягнення і эфектыўнага выкарыстання будуць падпарадкаваны ўсе інструменты эканамічнай палітыкі. Прадугледжваюцца безумоўнае забеспячэнне права інвестара на распараджэнне атрыманым прыбыткам і дывідэндамі, свабодны рух капіталу, удасканаленне сістэмы гарантый для міжнародных інвестараў на аснове лепшай сусветнай практыкі.

Плануюцца паглыбленне вытворчай кааперацыі і прамысловага супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, уключэнне беларускіх кампаній у глабальныя ланцужкі стварэння дабаўленай вартасці. Статус Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі будзе павышаны, а яго паўнамоцтвы пашыраны. Ключавым паказчыкам эфектыўнасці работы міністраў і губернатараў стане аб’ём прыцягнення прамых замежных інвестыцый.

Прытоку дадатковых фінансавых сродкаў у эканоміку будзе садзейнічаць далейшае развіццё супрацоўніцтва з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Рэалізацыя інвестыцыйных праектаў на прынцыпах дзяржаўна-прыватнага партнёрства, эфектыўнае размеркаванне рызык і адказнасці паміж бізнесам і дзяржавай дадуць магчымасць рэалізаваць доўгатэрміновыя інфраструктурныя праекты. Доля інвестыцый у асноўны капітал будзе падтрымлівацца на ўзроўні эканамічнай бяспекі — не менш як 25 працэнтаў да ВУП.

Эфектыўны кампактны дзяржапарат будзе створаны ў Беларусі да 2020 года

«Самая сучасная вытворчасць дасць жаданую аддачу толькі пры эфектыўным кіраванні. Таму ў бягучай пяцігодцы разам з далейшай комплекснай мадэрнізацыяй базавых галін і паскораным фарміраваннем новых высокатэхналагічных сектараў прадугледжваецца абнаўленне сістэмы кіравання эканомікай», — гаворыцца ў праекце праграмы.

У гэтых мэтах прадугледжваецца размежаванне функцый дзяржавы як рэгулятара і ўласніка; скарачэнне залішніх і дубліруючых функцый органаў дзяржаўнага кіравання, кантралюючых (наглядных) і праваахоўных органаў; пашырэнне паўнамоцтваў і сфер адказнасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання; умацаванне пазіцый Нацыянальнага сходу на міжнароднай арэне; фарміраванне кампактнага ўрада. Запланаваны перавод да 2020 года ўсіх адміністрацыйных працэдур у электронны фармат; павышэнне прэстыжу дзяржаўнай службы; арганізацыя сістэмы стажыровак дзяржаўных служачых у вядучых сусветных адукацыйных цэнтрах. У выніку паслядоўнай рэалізацыі намечаных мер будзе створаны эфектыўны кампактны дзяржаўны апарат.

«Галоўная мэта — павысіць эфектыўнасць кіравання: даць кіраўнікам усіх узроўняў свабоду дзеянняў, пакінуўшы неабходныя паўнамоцтвы для прыняцця рашэнняў, права на рызыку, ініцыятыву, пры ўзмацненні персанальнай адказнасці за стан спраў на даручаным участку работы, укараненні дзейсных матывацыйных механізмаў», — напісана ў дакуменце .

Ацэнка эфектыўнасці работы кадраў па выкананні праграмы будзе ажыццяўляцца зыходзячы з найважнейшых крытэрыяў, прадугледжаных ва ўказе нумар 78 «Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь».

Долю расходаў на інавацыйнае развіццё ў Беларусі плануецца павялічыць

Бюджэтна-падатковая палітыка ў бягучай пяцігодцы будзе накіравана на павышэнне эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў і іх канцэнтрацыю на прыярытэтных напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця, далейшую аптымізацыю падатковай сістэмы. Будуць забяспечаны бездэфіцытны бюджэт, пераход да трохгадовага бюджэтнага планавання, аптымізацыя механізмаў размеркавання даходаў бюджэтаў, шырокае ўкараненне бюджэтавання, арыентаванага на вынік. Прадугледжваецца таксама аказанне дзяржаўнай падтрымкі на аснове роўнага доступу, канкурэнцыі і адпаведнасці рыначным патрабаванням, паступовае скарачэнне дзяржаўнага доўгу.

У мэтах забеспячэння ўстойлівага рэгіянальнага развіцця нарматывы адлічэнняў ад рэспубліканскіх падаткаў, збораў (пошлін), якія фарміруюць асноўны аб’ём даходаў бюджэтаў раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання, будуць захаваны на тэрмін не менш як тры гады. Гэта павысіць самастойнасць мясцовай улады ў правядзенні палітыкі рэгіянальнага развіцця, з’явяцца дадатковыя стымулы для падтрымкі бізнесу і стварэння новых рабочых месц. Мерапрыемствы ў галіне падатковай палітыкі будуць накіраваны на падтрыманне аптымальнага ўзроўню падатковай нагрузкі на эканоміку, што стымулюе эканамічны рост.

У праекце праграмы прадугледжаны таксама меры па фінансавым аздараўленні рэальнага сектара эканомікі.

Прадугледжваецца дыферэнцыраваны падыход да аднаўлення плацежаздольнасцi арганізацый рэальнага сектара эканомікі. Фінансавае аздараўленне прадпрыемстваў стане асновай для павышэння дысцыпліны ўзаемаразлікаў, зніжэння ўзроўню крэдыторскай і дэбіторскай запазычанасці, падкрэсліваецца ў праекце праграмы.

Дэфіцыт уласных абаротных сродкаў прадпрыемстваў будзе ліквідаваны шляхам паскарэння іх абарачальнасці праз недапушчэнне росту складскіх запасаў і дэбіторскай запазычанасці, паслядоўнага зніжэння ставак па крэдытах, што зменшыць адток абаротных сродкаў. Прапануецца таксама кропкавая рэструктурызацыя бягучых абавязацельстваў, у тым ліку з выкарыстаннем карпаратыўных каштоўных папер і аблігацый урада. Ліквідаваць дэфіцыт абаротных сродкаў плануецца таксама шляхам прыцягнення інвестараў, зніжэння ўсіх відаў затрат у адпаведнасці з патрабаваннем Прэзідэнта. Пытанні аказання дзяржпадтрымкі без выканання гэтага патрабавання разглядацца не будуць.

Адначасова прадугледжваецца кіруемае вывядзенне з эканомікі неплацежаздольных вытворчасцей, затраты на падтрымку якіх перавышаюць аддачу ад іх, уключэнне ў эканамічны абарот іх актываў і эфектыўнае выкарыстанне вызваленых працоўных рэсурсаў. Пры гэтым будуць забяспечаны сацыяльная абарона работнікаў, актыўны ўдзел прафсаюзных арганізацый у вырашэнні задач стварэння новых і аптымізацыі дзеючых рабочых месц.


Удзельная вага высокатэхналагічных відаў дзейнасці ў прамвытворчасці Беларусі ў 2020 годзе павялічыцца да 4-6 працэнтаў

Праектам праграмы прадугледжваецца паскоранае фарміраванне высокатэхналагічнага сектара. Стаўка будзе зроблена на індустрыю інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій; атамную і аднаўляльную энергетыку; бія- і нанатэхналогіі; фармацэўтычную прамысловасць; прыборабудаванне і электронную прамысловасць. Паблізу Беларускай АЭС будзе створаны кластар электраёмістых інавацыйных вытворчасцей, ажыццёўлены пераход на электраабаграванне памяшканняў у жыллёвым будаўніцтве.

Плануецца асвоіць новыя тэхналогіі: паглыбленай перапрацоўкі малочнай і мясной сыравіны з выкарыстаннем метадаў біяхімічнай мадыфікацыі; вытворчасці інавацыйных біяўгнаенняў; выпуску новых лекавых сродкаў (проціпухліннага, антыарытмічнага і антымікробнага лячэбнага дзеяння).

Будзе сфарміраваны інавацыйна-прамысловы комплекс у сферы распрацоўкі і вытворчасці складанай медыцынскай тэхнікі, сістэм забеспячэння бяспекі, абсталявання неразбуральнага кантролю і аналітычнага прыборабудавання. У мікраэлектроніцы будзе асвоена вытворчасць матрыц для сістэм апрацоўкі інфармацыі касмічных лятальных апаратаў, паўправадніковых прыбораў магутнай сілавой і высакавольтнай электронікі, высокачастотных мікрасхем і мікрасістэм.

Паскоранае развіццё атрымаюць фатоніка (оптыка, лазерная і цеплавізійная тэхніка, іншая тэхніка двайнога прызначэння), а таксама вытворчасць электрычнага транспарту і аўтакампанентаў да яго. Будзе асвоена вытворчасць новых канструкцыйных матэрыялаў для медыцыны, машынабудавання і будаўніцтва. Плануецца арганізацыя серыйнай вытворчасці беспілотных авіяцыйных комплексаў. Будзе створана сетка нацыянальных даследчых лабараторый (цэнтраў) і інавацыйна-прамысловых аб’яднанняў, арыентаваных на рэалізацыю поўнага інавацыйнага цыкла.

Цэнтралізацыя сродкаў інавацыйных фондаў дасць магчымасць сканцэнтраваць рэсурсы для мэтавага фінансавання праектаў і мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця.

Адной з асноўных задач у праекце праграмы абазначана комплекснае развіццё нацыянальнай інавацыйнай сістэмы. Прадугледжваецца, што інтэнсіўнаму інавацыйнаму развіццю нацыянальнай эканомікі будзе садзейнічаць правядзенне стымулюючай бюджэтна-падатковай, грашова-крэдытнай і інвестыцыйнай палітыкі. Павысіцца роля галіновай і фундаментальнай навукі, будзе забяспечана яе інтэграцыя з вытворчасцю.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі павінна стаць інавацыйна-вытворчай карпарацыяй для фарміравання высокатэхналагічнага сектара на ўласнай даследчай і тэхналагічнай базе. Асаблівая роля ёй належыць у інтэнсіўным развіцці касмічнай дзейнасці, нана- і біяіндустрыі, робататэхнікі.

Развіццё рынку навукова-тэхнічнай прадукцыі будзе забяспечана за кошт спрашчэння ўмоў камерцыялізацыі вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці, што належаць дзяржаве, гарантаванага забеспячэння аховы, абароны і кіравання аб’ектамі інтэлектуальнай уласнасці на ўнутраным і знешнім рынках.

Інавацыйная інфраструктура ўмацуецца індустрыяльнымі пляцоўкамі для стварэння высокатэхналагічных вытворчасцей. Стымуляванне інавацыйнага прадпрымальніцтва плануецца ажыццявіць за кошт пашырэння грантавай формы фінансавання навуковых і інавацыйных праектаў. Узровень навукаёмістасці ВУП за кошт усіх крыніц фінансавання перавысіць 1 працэнт.

Зніжэнне затрат прапануецца зрабіць абавязковым крытэрыем пры абароне бізнес-планаў у Беларусі

Асаблівая ўвага будзе ўдзелена ўдасканаленню сістэм кіравання якасцю, уніфікацыі тэхнічных нарматыўных актаў з патрабаваннямі найбольш перспектыўных міжнародных стандартаў. Плануецца ўзмацненне кантролю за якасцю выканання галіновых тэхналагічных рэгламентаў.

Дзяржаўная падтрымка суб’ектам гаспадарання ў бягучай пяцігодцы будзе аказвацца толькі пры ўмове істотнага скарачэння матэрыяла- і энергаёмістасці прадукцыі. У праекце праграмы падкрэсліваецца, што гэта будзе адным з ключавых паказчыкаў эфектыўнасці гаспадарання і крытэрыем стымулюючых выплат работнікам.

Зніжэнне затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі з’яўляецца ключавым рэзервам павышэння фінансавай устойлівасці і прыбытковасці работы арганізацый. Праект праграмы прапануе асноўныя напрамкі дзеянняў у гэтай сферы. У іх ліку скарачэнне ўмоўна-пастаянных і невытворчых расходаў, тэхналагічнае перааснашчэнне прамысловых вытворчасцей, устанаўленне прагрэсіўных норм расходу сыравіны, матэрыялаў за кошт скарачэння адходаў і страт у працэсе вытворчасці і захавання, выкарыстання другасных рэсурсаў. Прапануецца таксама ўкараненне сучасных сістэм кіравання рэсурсамі, аптымальных схем і крыніц энергазабеспячэння прамысловых аб’ектаў, рэжымаў іх работы.

Мінімум 80 працэнтаў дамашніх гаспадарак Беларусі да 2020 года будуць мець доступ да інтэрнэту

У праекце праграмы напісана, што ў бягучай пяцігодцы ў сферы інфарматызацыі трэба будзе вырашыць дванаццаць ключавых задач.

Першая — стварэнне адной з самых сучасных інфраструктур тэлекамунікацый ва Усходняй Еўропе. У прыватнасці, будзе рэалізавана праграма «Оптавалакно ў кожны дом», пашыраны праект стварэння сотавай сувязі чацвёртага пакалення на тэрыторыю ўсёй краіны. Па меры распрацоўкі найноўшага стандарту сувязі пятага пакалення будуць запушчаны адпаведныя пілотныя зоны на тэрыторыі Беларусі. Узровень пранікнення інтэрнэту да 2020 года складзе мінімум 80 працэнтаў дамашніх гаспадарак.

Другая — стварэнне паўнацэннага электроннага ўрада. Арыентавацца па якасці і паўнаце электронных паслуг плануецца на Рэспубліку Карэя, якая з’яўляецца сусветным лідарам у гэтай галіне. Да 2020 года ўсе базавыя адміністрацыйныя паслугі павінны аказвацца ў электронным выглядзе. Усе жыхары будуць мець магчымасць выкарыстоўваць электронны подпіс. Атрымаць любыя дакументы, даведкі можна будзе хутка, лёгка і зручна, усе адміністрацыйныя працэдуры стануць празрыстымі.

Трэцяя задача прадугледжвае, што стандартам для новых дамоў і кватэр стане сістэма «Разумны дом». Ва ўсім новапабудаваным жыллі грамадзяне будуць мець магчымасць выкарыстоўваць гэту сістэму.

Чацвёртая прадугледжвае максімальнае ўкараненне ва ўсе галіны эканомікі тэхналогій збору і апрацоўкі вялікіх масіваў даных, перш за ўсё ў медыцыне, гандлі і сельскай гаспадарцы.

Пятая — вывучэнне магчымасцей выкарыстання найноўшых тэхналогій перадачы і захоўвання інфармацыі ў банкаўскай сферы, дзяржаўным кіраванні, натарыяце і іншых.

Шостая — зняцце ўсіх адміністрацыйных бар’ераў, што перашкаджаюць развіццю электроннага гандлю, а таксама выкарыстанню вядучых сусветных і рэгіянальных плацежных сістэм.

Сёмая задача прадугледжвае аснашчэнне ўсіх школ краіны высакаскорасным бесправадным інтэрнэтам, а таксама шырокае выкарыстанне электронных сродкаў навучання (электронныя дзённік, журнал, падручнік і іншыя).

Восьмая задача датычыцца транспартнай сферы, у якой плануецца стварэнне аўтаматызаваных сістэм маніторынгу і кіравання станам транспартнай інфраструктуры, укараненне інтэлектуальных комплексаў рэгулявання дарожнага руху, сістэм уліку паліўных рэсурсаў.

Дзявятая — прамысловасці. Запланавана ўкараненне аўтаномных вытворчых комплексаў, сістэм кіравання на аснове канцэпцыі «Інтэрнэт рэчаў», тэхналогій трохмернага друку, поўная лічбавая інтэграцыя інжынерна-канструктарскіх работ па ўсім ланцужку стварэння кошту.

Для вырашэння дзясятай задачы прадугледжваецца ў сельскай гаспадарцы — пераход да дакладнага земляробства, заснаванага на шырокім выкарыстанні даных спадарожнікавых сістэм сувязі і навігацыі, аўтаматызаваных сістэм збору інфармацыі і кіравання працэсамі.

Адзінаццатая задача — у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, дзе плануецца ўкараненне паўсюль сістэм аўтаматызаванага ўліку і рэгулявання спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў, кантролю за тэхнічным станам аб’ектаў інфраструктуры, паўнатой і правільнасцю налічэння і аплаты жыллёва-камунальных паслуг.

Дванаццатая задача прадугледжвае стварэнне ў Беларусі прававога, адукацыйнага і інвестыцыйнага асяроддзя (уключаючы пытанні падаткаабкладання, абароны інтэлектуальнай уласнасці і інвестыцый, руху капіталу), максімальна спрыяльнага для развіцця лічбавых тэхналогій, новых тэхналагічных праектаў, бізнесу ў сферы інфармацыйных тэхналогій і іншага.

Сродкі грамадзян на набыццё і будаўніцтва жылля ў Беларусі вызваляць ад дэкларавання і падатковых прэтэнзій

У праекце праграмы абазначана, што асноўнымі задачамі развіцця будаўнічага комплексу з’яўляюцца павышэнне якасці будаўніцтва і зніжэнне каштарыснага кошту будаўніцтва, рост экспарту будаўнічых паслуг. Будуць створаны ўсе неабходныя ўмовы для актывізацыі жыллёвага будаўніцтва грамадзян і юрыдычных асоб.

У мэтах паляпшэння жыллёвых умоў насельніцтва, забеспячэння даступнасці жылля, якое ўзводзіцца, прадугледжваецца далейшае развіццё рынку арэнднага жылля ва ўвязцы з фінансавымі рэсурсамі, у тым ліку за кошт сродкаў арганізацый і прыватных інвестараў.

Важным напрамкам развіцця жыллёвага будаўніцтва стане падтрымка індывідуальнага будаўніцтва, малапавярховага домабудавання, у тым ліку драўлянага. У мэтах развіцця індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва будуць укараняцца прагрэсіўныя тэхналогіі, перш за ўсё модульныя канструкцыі, якія забяспечваюць высокія тэмпы і нізкі кошт будаўніцтва.

Вялікая ўвага будзе ўдзелена будаўніцтву шматкватэрнага даступнага і камфортнага жылля тыпавых спажывецкіх якасцей з выхадам на 100-працэнтнае энергаэфектыўнае выкананне ў 2020 годзе.

Прадугледжваецца выдзяленне ў дастатковай колькасці зямельных участкаў пад індывідуальную забудову і іх забеспячэнне ў поўным аб’ёме інжынернай інфраструктурай (газазабеспячэнне, водазабеспячэнне, энергазабеспячэнне), уключаючы размешчаныя ў сельскай мясцовасці.

Акрамя таго, плануецца актыўная забудова ў гарадах-спадарожніках, вызначаных рашэннямі Прэзідэнта. Мадэль іх развіцця будзе комплекснай — стварэнне сацыяльнай і вытворчай інфраструктуры, рабочых месц. Для гэтага будуць укаранёны асаблівыя фінансавыя механізмы для будаўніцтва інфраструктуры за кошт мясцовых бюджэтаў і прыцягнення прыватнага капіталу.

Акцэнт будзе зроблены на ўкараненні прагрэсіўных схем: жыллёвых будаўнічых зберажэнняў, сучаснай сістэмы даступнага іпатэчнага крэдытавання, лізінгу жылых памяшканняў. Будзе прадоўжана работа па стрымліванні росту кошту аднаго квадратнага метра агульнай плошчы жылля, у тым ліку якое будуецца з дзяржаўнай падтрымкай, за кошт будаўніцтва жылля па праектах эканамічных жылых дамоў тыпавых спажывецкіх якасцей і зніжэння затрат на будаўніцтва на ўсіх стадыях інвестыцыйна-будаўнічага цыкла.

Адным з ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы будаўнічага комплексу будзе адпаведнасць кошту квадратнага метра жылля сярэдняй заработнай плаце па краіне.

Прадугледжваюцца зніжэнне каштарыснай вартасці будаўніцтва за кошт аптымізацыі затрат па поўным цыкле будаўнічых работ (ад праектавання да ўводу ў эксплуатацыю аб’екта) і скарачэння іх працягласці; укараненне сістэмы кіравання якасцю будаўнічых праектаў; паляпшэнне спажывецкіх і эксплуатацыйных характарыстык узводзімых будынкаў і збудаванняў з паступовым іх набліжэннем да перадавых міжнародных стандартаў; пашырэнне аб’ёмаў будаўніцтва аб’ектаў «пад ключ» і ўкараненне сучасных тэхналогій для ўзвядзення энергаэфектыўных і рэсурсаэканамічных, экалагічна чыстых будынкаў і збудаванняў; актывізацыя ўдзелу ў падрадных таргах на будаўніцтва аб’ектаў за межамі краіны.

Плануецца забяспечыць больш шырокае прымяненне айчынных будаўнічых матэрыялаў з высокімі тэхнічнымі характарыстыкамі. Доля выкарыстання айчынных сыравіны і матэрыялаў у будаўніцтве павялічыцца да 85 працэнтаў у 2020 годзе.

У выніку прынятых мер прадугледжваецца давядзенне долі індывідуальных жылых дамоў у агульным аб’ёме ўводзімага жылля да 40 працэнтаў, долі жылля ў малых гарадах — не менш як да 10 працэнтаў ад аб’ёму штогадовага ўводу ў эксплуатацыю агульнай плошчы жылля.

За пяцігоддзе плануецца будаўніцтва 18 млн кв.м жылых памяшканняў, у тым ліку 1,55 млн кв.м для грамадзян, якія стаяць на ўліку для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і маюць права на дзяржаўную падтрымку. Рэалізацыя намечаных мер дасць магчымасць павысіць забяспечанасць насельніцтва жыллём у разліку на аднаго жыхара з 26,5 кв.м у 2015 годзе да 27,3 кв.м у 2020 годзе.

Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва за пяць гадоў узрастуць на 9,5-11,6 працэнта — праект праграмы

Меры ў галіне аплаты працы будуць накіраваны на паслядоўнае павышэнне яе рэальнага ўзроўню, зніжэнне разрыву паміж аплатай працы работнікаў бюджэтных арганізацый і сярэдняй заработнай платай у эканоміцы. У рэальным сектары эканомікі пашырыцца прымяненне гібкіх сістэм аплаты працы. Рост рэальнай заработнай платы будзе ўвязаны з ростам прадукцыйнасці працы.

Суадносіны заработнай платы бюджэтнікаў і сярэдняй заработнай платы ў эканоміцы плануецца забяспечыць у 2020 годзе на ўзроўні не ніжэйшым за 80 працэнтаў. Гэта прадугледжваецца забяспечыць праз аптымізацыю функцый і колькасці занятых у бюджэтнай сферы. Памер мінімальнай велічыні, што выкарыстоўваецца пры вылічэнні ставак (акладаў, службовых акладаў) бюджэтнікаў будзе паэтапна набліжацца да бюджэту пражытачнага мінімуму, у перспектыве — да мінімальнага спажывецкага бюджэту.

Павышэнне сацыяльнай абароненасці работнікаў плануецца забяспечыць за кошт устанаўлення штогадовага памеру мінімальнай заработнай платы на ўзроўні мінімальнага спажывецкага бюджэту ў сярэднім на аднаго члена сям’і з чатырох чалавек.

Сярэдняя пенсія па ўзросце плануецца на ўзроўні 40 працэнтаў сярэднямесячнай зарплаты — праект праграмы

У праекце праграмы абазначаны галоўныя задачы пенсійнай сістэмы, якія давядзецца вырашыць у бягучым пяцігоддзі. Гэта адаптацыя да зменлівых эканамічных і дэмаграфічных умоў праз паступовае павышэнне агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, аптымізацыю пенсійных расходаў. Прадугледжваецца падтрыманне ўзроўню пенсійнага забеспячэння, а таксама суадносін памеру сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэднямесячнай заработнай платы не ніжэй за 40 працэнтаў з улікам фінансавых магчымасцей дзяржавы. Гэтаму будзе садзейнічаць паступовае павышэнне патрабаванняў па ўзросце і стажы для назначэння пенсіі, стымуляванне працяглай легальнай працоўнай дзейнасці з выплатай абавязковых страхавых узносаў. Плануецца далейшае развіццё добраахвотнага страхавання дадатковых пенсій у страхавых арганізацыях.

Пенсіі будуць павышацца (індэксавацца) з улікам росту сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў, бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і фінансавых магчымасцей дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Прадоўжыцца работа па заключэнні міжнародных дагавораў для суфінансавання дзяржавамі выплаты пенсій за работу грамадзян на іх тэрыторыі.

Дапамогу па беспрацоўі прывяжуць да БПМ і ўкарэняць страхаванне ад беспрацоўя — праект праграмы

У дакуменце адзначаецца, што ў бягучым пяцігоддзі плануецца ўдасканаленне механізма матэрыяльнай падтрымкі беспрацоўных шляхам прывязкі памеру дапамогі па беспрацоўі да бюджэту пражытачнага мінімуму, а таксама разгляд пытання аб укараненні ў рэспубліцы сістэмы страхавання ад беспрацоўя.

Асаблівая ўвага будзе ўдзелена ўкараненню механізмаў па ўзмацненні сацыяльнай падтрымкі малазабяспечаных груп насельніцтва, а таксама маючых патрэбу ў дадатковай падтрымцы ў мэтах змякчэння наступстваў павышэння тарыфаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі шляхам прадастаўлення безнаяўных жыллёвых субсідый. Плануецца спрасціць працэдуру прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. Далейшае ўдасканаленне адраснай падтрымкі сацыяльна слабаабароненых катэгорый грамадзян дасць магчымасць захаваць узровень малазабяспечанасці насельніцтва ў сацыяльна дапушчальных памерах — да 5,5 працэнта ў 2020 годзе.

Дзяржаўная палітыка ў галіне сацыяльнай абароны насельніцтва будзе нацэлена на павышэнне даступнасці і эфектыўнасці сацыяльнай дапамогі, далейшае развіццё сістэмы сацабслугоўвання і сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў.

Будуць шырэй прымяняцца стацыянаразамяшчальныя формы работы і механізм дзяржаўнага сацыяльнага заказу. Прадугледжваецца паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў. Так, намечана рэканструкцыя і будаўніцтва 16 аб’ектаў у стацыянарных установах сацабслугоўвання, іх капітальны і бягучы рамонты, аснашчэнне медыцынскім, рэабілітацыйным і тэхналагічным абсталяваннем, аўтамабільным транспартам.

У Беларусі будуць рэалізаваны меры па выкананні палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў і стварэнні безбар’ернага асяроддзя жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб.

КАМЕНТАРЫЙ: Кропкі росту на пяцігодку

Сёння апублікаваны галоўны дакумент пяцігоддзя — асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020гады, які будзе разглядацца на Усебеларускім народным сходзе 22-23 чэрвеня. Дэталёва вывучыўшы дакумент, можна зрабіць выснову, што мэты і задачы пастаўлены амбіцыйныя, але, калі нацэліцца на вынік і нястомна працаваць у напрамку яго дасягнення, няма нічога немагчымага. У гэтым перакананы член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах кандыдат эканамічных навук Валерый Барадзеня. Прычым, на думку парламентарыя, пастаўленыя задачы могуць вырашацца не столькі эканамічнымі метадамі, колькі шляхам змен, якія павінны адбыцца ў свядомасці людзей. У эканоміцы хапае праблем, справіцца з якімі беларусы могуць, аб’яднаўшыся, адказна працуючы на сваім месцы. Пры гэтым Валерый Барадзеня адзначае, што пытанні вырашаюцца і «мы рухаемся сістэмна».

Дасягненні і праблемы папярэдняй пяцігодкі

Адкрываецца праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады падвядзеннем вынікаў папярэдняй пяцігодкі, што цалкам зразумела. Галоўным вынікам называецца захаванне палітычнай стабільнасці, устойлівасці эканомікі і сацыяльнай абароны насельніцтва. Па шэрагу напрамкаў удалося дабіцца значных вынікаў. Так, Беларусь увайшла ў топ-50 краін свету з высокім узроўнем чалавечага развіцця. ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупной здольнасці вырас да $17,7 тыс. З 2014 года ўпершыню за дваццаць гадоў колькасць жыхароў пачала расці.

Але не толькі аб дасягненнях размова. Беларусь — краіна з адкрытай эканомікай, таму дабрабыт моцна залежыць ад знешніх фактараў. Крызіс у Расіі і Украіне моцна ўдарыў па беларускай эканоміцы: попыт на айчынныя тавары скараціўся, канкурэнцыя рэзка вырасла, што прывяло да спаду экспарту, даходаў прадпрыемстваў і бюджэту. У выніку рост ВУП, экспарту, рэальных даходаў быў значна ніжэйшы, чым запланавана. Адбылося запаволенне тэмпаў росту эканомікі. Гэтыя і некаторыя іншыя абазначаныя ў праекце праграмы праблемы «сур’ёзныя, але не катастрафічныя». «Іх пераадоленне стане адной з ключавых задач бягучай пяцігодкі», — гаворыцца ў дакуменце.

Мэты і прыярытэты

У праекце пяцігадовай праграмы вызначана галоўная мэта развіцця краіны — павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця.

Плануецца, што ВУП прырасце на 12-15 працэнтаў, рэальныя грашовыя даходы грамадзян — на 9,5-11,6 працэнта, стаўкі па крэдытах знізяцца да 9-11 працэнтаў. Працягласць жыцця вырасце да 75,3 года. У кожнай беларускай сям’і будзе магчымасць пабудаваць свой дом або кватэру.

Шляхі дасягнення

У праекце праграмы вызначаны інструменты эканамічнай палітыкі, дзякуючы якім удасца рэалізаваць асноўныя мэты і прыярытэты развіцця краіны ў бліжэйшай пяцігодцы. Сярод іх — разняволенне дзелавой ініцыятывы, прыняцце стымулюючых мер для хуткага адкрыцця сваёй справы, зніжэнне інфляцыі і працэнтных ставак, стварэнне паўнацэннага фінансавага рынку, фінансавае аздараўленне рэальнага сектара эканомікі, збалансаваны бюджэт без росту падатковай нагрузкі, мадэрнізацыя адносін уласнасці, павышэнне эфектыўнасці інвестыцый, прыцягненне прамых замежных інвестыцый, эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне, дакладныя крытэрыі ацэнкі кіруючых кадраў.

Напрамкі павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі

У бягучай пяцігодцы прадугледжваецца правесці лічбавую трансфармацыю (інфарматызацыю) эканомікі. Акрамя таго, запланавана комплекснае развіццё нацыянальнай інавацыйнай сістэмы; паскоранае фарміраванне высокатэхналагічнага сектара; зніжэнне затрат і павышэнне якасці прадукцыі; павышэнне канкурэнтаздольнасці традыцыйных галін прамысловасці; забеспячэнне канкурэнтных пераваг у сельскай гаспадарцы; рост эфектыўнасці будаўніцтва, забеспячэнне насельніцтва якасным і даступным жыллём; павышэнне якасці паслуг і зніжэнне затрат у жыллёва-камунальнай гаспадарцы; развіццё транзітнай прывабнасці і індустрыі гасціннасці.

Калі паглыбляцца ў падрабязнасці, то плануецца стварэнне адной з самых сучасных інфраструктур тэлекамунікацый ва Усходняй Еўропе і паўнацэннага электроннага ўрада. Павысіцца роля галіновай і фундаментальнай навукі, будзе забяспечана яе інтэграцыя з вытворчасцю. Стаўка будзе зроблена на індустрыю інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій; атамную і аднаўляльную энергетыку; бія- і нанатэхналогіі; фармацэўтычную прамысловасць; прыборабудаванне і электронную прамысловасць.

З 2019 года плануецца мінімізаваць імпарт электраэнергіі і рэалізаваць міжгаліновы комплекс мер па стымуляванні спажывання электраэнергіі ў сувязі з уводам у эксплуатацыю Беларускай АЭС, а таксама па яе эфектыўнай інтэграцыі ў энергасістэму краіны. Прадугледжваецца прыняць меры па экспарце электраэнергіі ў краіны Еўрапейскага саюза.

Айчынная сельская гаспадарка выйдзе на якасна новы ўзровень развіцця за кошт павышэння фінансавай устойлівасці і тэхналагічнага ўзроўню. Прадоўжыцца работа па прыцягненні ў аграпрамысловы комплекс прыватных інвестараў на прынцыпах акупнасці і эфектыўнасці.

Асноўнымі задачамі развіцця будаўнічага комплексу стануць павышэнне якасці будаўніцтва і зніжэнне каштарыснага кошту будаўніцтва, рост экспарту будаўнічых паслуг. Будуць створаны ўсе неабходныя ўмовы для актывізацыі жыллёвага будаўніцтва грамадзян і юрыдычных асоб. За пяцігоддзе плануецца будаўніцтва 18 млн кв.м жылых памяшканняў.

У 2016 годзе плануецца дасягнуць 50-працэнтнага ўзроўню пакрыцця насельніцтвам затрат па ўсім комплексе жыллёва-камунальных паслуг за кошт зніжэння затрат арганізацый, што аказваюць гэтыя паслугі, і запланаванага павышэння тарыфаў. Пачынаючы з 2017 года павышэнне ўзроўню пакрыцця насельніцтвам затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг будзе ажыццяўляцца ва ўвязцы са зніжэннем затрат на іх аказанне, ростам даходаў насельніцтва.

Развіццё спажывецкага рынку будзе накіравана на максімальна поўнае задавальненне патрэбнасцей насельніцтва ў таварах і паслугах, пераважна айчынных вытворцаў. Удзельная вага харчовых тавараў беларускай вытворчасці ў агульным аб’ёме рознічнага тавараабароту ў 2020 годзе будзе складаць не менш як 85 працэнтаў. Будзе актыўна развівацца сфера грамадскага харчавання.

Арыенцір на рост экспарту і выхад на новыя рынкі

У праекце праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады вызначана, што знешнеэканамічная дзейнасць будзе накіравана на забеспячэнне збалансаванасці знешняга гандлю на аснове апераджальных тэмпаў росту экспарту, выкарыстання канкурэнтных пераваг краіны, эфектыўнага ўдзелу ў міжнародным падзеле працы і інтэграцыйных працэсах.

Важным вектарам знешнеэканамічнай дзейнасці стане аднаўленне прысутнасці на традыцыйных рынках, рост экспарту ў Еўрапейскі саюз, асваенне і замацаванне беларускіх вытворцаў на новых нішах сусветнага рынку.

У лік важнейшых напрамкаў знешнеэканамічнай дзейнасці ў бягучым пяцігоддзі ўваходзіць развіццё эканамічнай інтэграцыі ў ЕАЭС.

Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі застанецца ядром інтэграцыйных працэсаў у рэгіёне СНД.

Дыверсіфікацыя знешніх рынкаў будзе ажыццяўляцца шляхам асваення рынкаў краін Еўрапейскага саюза, ЗША, Лацінскай Амерыкі, Усходняй Азіі, Блізкага Усходу і Афрыкі, актывізацыі супрацоўніцтва з Кітаем і Індыяй.

Галоўнымі індыкатарамі эфектыўнага развіцця знешнеэканамічных адносін з’яўляюцца рост экспарту тавараў і паслуг за пяцігоддзе на 21-25 працэнтаў, перавышэнне тэмпу росту экспарту над імпартам, а таксама пастаўка на экспарт не менш як 65 працэнтаў вырабленай прамысловай прадукцыі.

Развіццё чалавечага патэнцыялу і павышэнне якасці жыцця

Паляпшэнне дэмаграфічнага патэнцыялу краіны і ўмацаванне здароўя народа, забеспячэнне эфектыўнай занятасці насельніцтва, рост рэальных грашовых даходаў, развіццё сістэмы сацыяльнай падтрымкі слабаабароненых катэгорый грамадзян, развіццё фізічнай культуры і спорту, рост якасці і даступнасці адукацыі, развіццё нацыянальнай культуры і творчага патэнцыялу беларускага народа, падтрымка маладога пакалення і яго ўключэнне ў стварэнне эканомікі ведаў — усё гэта вызначана ў праекце пяцігадовай праграмы як асноўныя напрамкі развіцця чалавечага патэнцыялу і павышэння якасці жыцця беларусаў.

Мэтай дэмаграфічнай палітыкі стане стабілізацыя колькасці насельніцтва і павелічэнне чаканай працягласці жыцця. У цэлым вынікам намечаных мер павінна стаць стабілізацыя колькасці насельніцтва на ўзроўні 9,5 млн чалавек.

Мэтанакіраваныя меры актыўнай палітыкі на рынку працы дадуць магчымасць у ходзе структурных пераўтварэнняў эканомікі ўтрымаць афіцыйна зарэгістраванае беспрацоўе ў межах 2 працэнтаў ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.

Меры ў галіне аплаты працы будуць накіраваны на паслядоўнае павышэнне яе рэальнага ўзроўню, зніжэнне разрыву паміж аплатай працы работнікаў бюджэтных арганізацый і сярэдняй заработнай платай у эканоміцы. Мэтай развіцця пенсійнай сістэмы з’яўляецца забеспячэнне яе фінансавай устойлівасці і сацыяльна прымальнага ўзроўню пенсій.

Удасканаленне адраснай падтрымкі слабаабароненых катэгорый грамадзян дасць магчымасць захаваць узровень малазабяспечанасці насельніцтва ў сацыяльна прымальных памерах — да 5,5 працэнта ў 2020 годзе.

Галоўным арыенцірам развіцця фізічнай культуры і спорту стане давядзенне колькасці тых, хто займаецца фізічнай культурай і спортам, да не менш як 25 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва ў 2020 годзе. У галіне спорту вышэйшых дасягненняў — падтрыманне спартыўнага рэйтынгу Беларусі на сусветнай арэне па алімпійскіх дысцыплінах на ўзроўні не ніжэйшым за 25-е месца штогод.

Важным напрамкам развіцця адукацыі вызначана ўдасканаленне сістэмы бесперапыннай адукацыі ў мэтах рэалізацыі ў поўным аб’ёме прынцыпу «адукацыя праз усё жыццё».

Развіццё нацыянальнай культуры будзе нацэлена на захаванне культурнай ідэнтычнасці беларускага народа, нацыянальных творчых традыцый, умацаванне станоўчага іміджу Беларусі ў міжнароднай культурнай супольнасці.

Асноўны прыярытэт маладзёжнай палітыкі застанецца нязменным — выхаванне ў маладым пакаленні адданасці незалежнай Беларусі і любові да роднай зямлі.

У рэгіёнах — цэнтры эканамічнага росту

У бягучай пяцігодцы асноўныя намаганні будуць сканцэнтраваны на скарачэнні міжрэгіянальных адрозненняў ва ўзроўні і якасці жыцця насельніцтва шляхам развіцця сацыяльнай інфраструктуры, паступовага павышэння і выраўноўвання сацыяльных стандартаў.

За кошт канцэнтрацыі рэсурсаў на ключавых напрамках, здольных забяспечыць максімальнае развіццё тэрыторый, эфектыўнага выкарыстання мясцовага рэсурснага патэнцыялу і канкурэнтных пераваг будуць сфарміраваны цэнтры эканамічнага росту, дзе сканцэнтруюцца сучасныя вытворчыя структуры, аб’екты інжынерна-тэхнічнай і сацыяльнай інфраструктуры.

Для рэалізацыі стратэгічных напрамкаў развіцця рэгіёнаў прадугледжваюцца ключавыя праекты з прыцягненнем замежных інвестыцый і ўключэннем у інвестыцыйны працэс неэфектыўна выкарыстоўваемых, а таксама свабодных вытворчых магчымасцей.

Прадоўжыцца работа па развіцці тэрыторый, якія пацярпелі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, уключаючы правядзенне неабходных ахоўных мерапрыемстваў, а таксама радыяцыйны маніторынг і кантроль радыеактыўнага забруджвання навакольнага асяроддзя і прадукцыі.

Зялёная эканоміка

Галоўная мэта дзяржаўнай экалагічнай палітыкі — стварэнне ўмоў для ўстойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў і зніжэння антрапагеннай нагрузкі на навакольнае асяроддзе. Для яе дасягнення ў бліжэйшай пяцігодцы прадугледжваецца зніжэнне выкіду забруджвальных рэчываў у атмасферу і водныя аб’екты, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання прыродных рэсурсаў, максімальнае ўключэнне адходаў у гаспадарчы абарот у якасці другаснай сыравіны са зніжэннем негатыўнага ўздзеяння аб’ектаў размяшчэння адходаў на навакольнае асяроддзе.

Рэалізацыя вызначаных у праекце праграмы напрамкаў дасць магчымасць істотна ўзмацніць экалагічны складнік сацыяльна-эканамічнага развіцця, стварыць спрыяльныя ўмовы для жыццядзейнасці чалавека, укараніць механізмы зялёнай эканомікі.

Беларусь-2020

У пятай пяцігодцы плануецца спыніць падзенне і вярнуць рост эканомікі, закласці фундамент новай эканомікі, эканомікі ведаў і паслуг.

У краіне зменіцца прававы і інвестыцыйны клімат: у бліжэйшыя два гады для рэалізацыі палажэнняў пяцігадовай праграмы будзе прынята больш як 160 нарматыўных прававых актаў. Крытэрыі ацэнкі кіруючых кадраў будуць удасканальвацца.

Беларусь стане прывабнай для замежнага капіталу і кампаній, якія валодаюць перадавымі тэхналогіямі.

«Мы атрымаем эфектыўнага дзяржаўнага служачага; свабоднага, творчага прадпрымальніка-стваральніка; грамадства, у якім кожны чалавек будзе мець магчымасць сваёй працай зарабіць сабе на дастойнае жыццё і мець цвёрдую гарантыю надзейнай сацыяльнай абароны дзяржавы. Мы абновім нашу родную зямлю, робячы яе ўтульнай і працвітаючай», — падкрэсліваецца ў праекце праграмы.

БелТА