Тэма тыдня: Лукашэнка наведаў Мінскі аўтамабільны завод

Тема недели

 belta 3

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 красавіка наведаў ААТ «Мінскі аўтамабільны завод» — кіруючая кампанія холдынга «БелаўтаМАЗ». Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці і перспектывах развіцця прадпрыемства, а таксама аб арганізацыі зборкі розных мадэлей аўтамабіляў і пашырэнні наменклатуры выпускаемай прадукцыі. Прэзідэнт азнаёміўся з выстаўкай найноўшых узораў тэхнікі, што вырабляецца на прадпрыемствах машынабудавання, паразмаўляў з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Мінскага аўтамабільнага завода.

Інвестыцыі ў машынабудаванне будуць выдзяляцца толькі пад канкрэтныя рынкі збыту — Лукашэнка

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання ААТ «Мінскі аўтамабільны завод» — кіруючая кампанія холдынга «БелаўтаМАЗ».

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці і перспектывах развіцця прадпрыемства. Як адзначыў Прэзідэнт, у час наведвання МАЗа яму таксама прапаноўвалі правесці нараду па пытаннях стратэгіі развіцця айчыннага машынабудавання ў цэлым. На гэтым мерапрыемстве ў тым ліку планавалася абмеркаваць пытанне размеркавання крэдытных рэсурсаў, што прадастаўляюцца Беларусі Кітаем.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што гэта нарада пройдзе пазней і ў іншым фармаце. Пры гэтым ён падкрэсліў, што любыя фінансавыя рэсурсы, асабліва крэдытныя, прадпрыемствы змогуць атрымаць толькі пасля дакладнага падліку патэнцыяльных рынкаў збыту новай прадукцыі. «Вы атрымаеце грошы, магчыма і кітайскія крэдыты, толькі тады, калі пакажаце, што ў вас ёсць рынкі, куды прадасце гэту прадукцыю. У адваротным выпадку не дадзім ні капейкі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я не магу ўкласці сюды чарговы раз сотні мільёнаў долараў, за якія вы створыце нейкі прадукт і паставіце на склад, а яшчэ горш — проста праясце».

«Таму вы павінны дакладна разумець, што калі бераце грошы пад нейкі прадукт, то павінны даказаць, што, вырабіўшы яго, заўтра прадасце», — дадаў беларускі лідар.

Што датычыцца холдынга «БелаўтаМАЗ» і яго галаўной кампаніі, генеральны дырэктар Дзмітрый Кацярыніч запэўніў Прэзідэнта, што ў бягучым годзе плануецца выйсці на эфектыўную работу. Дзякуючы аказанай у 2015 годзе дзяржпадтрымцы ўдалося вырашыць шэраг фінансавых праблем, нарасціць аб’ёмы вытворчасці, знізіць запасы гатовай прадукцыі на складах, павялічыць экспарт. Усяго прадпрыемства ажыццяўляе пастаўкі ў больш як 30 краін свету. У 2016 годзе плануюцца пастаўкі прадукцыі на новыя рынкі збыту, у тым ліку ў Лаос, Філіпіны, Інданезію, Зімбабвэ, Судан, Эквадор, Аман. Паступова пашыраецца і тавараправодная сетка.

Акрамя дзяржпадтрымкі ў мінулым годзе ў ААТ «МАЗ» рэалізаваны комплекс антыкрызісных мерапрыемстваў для выхаду на дадатны вынік работы. Іх агульны эканамічны эфект склаў каля Br1,5 трлн. Ёсць план па зніжэнні затрат і на 2016 год.

Прэзідэнту таксама далажылі, што цяпер ёсць невялікія цяжкасці з фінансаваннем з боку банкаўскіх структур лізінгавых паставак тэхнікі для спажыўцоў у Беларусі. Аднак у бліжэйшы час гэтыя пытанні будуць нарматыўна ўрэгуляваны. «Вы проста безадказна ставіцеся да візітаў і наведванняў Прэзідэнта. Калі б у вас была адказнасць, вы б ужо да сённяшняга прыезду гэту праблему вырашылі», — пакрытыкаваў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб асваенні новых рынкаў збыту, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ўжо даўно і настойліва ставіць адпаведную задачу. «Я ад вас гэтага патрабую. А то не паспеў я сюды прыйсці, як вы мне пачалі расказваць пра Расію (расійскі рынак. — Заўвага БЕЛТА). Мы ўжо 25 гадоў як незалежная дзяржава. У Расіі свае праблемы, — адзначыў Прэзідэнт. — Так, там рынак, які вы здалі. Сёння гэты рынак вельмі лёгка адваяваць. Але туды трэба прадаць якасную, прыгожую, надзейную тэхніку па канкурэнтнай цане».

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што яшчэ адной умовай для павышэння канкурэнтаздольнасці беларускай тэхнікі павінна быць працяглая гарантыя вытворцы. «Дайце 5 гадоў гарантыі. Калі што-небудзь зламалася, то хутка замяніце. Ёсць сэрвісныя цэнтры», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, каб пры замежных пастаўках не выкарыстоўваліся нейкія сумніўныя схемы і пасрэдніцкія структуры, у выніку чаго ўзнікнуць праблемы з вяртаннем грошай за прададзеную тэхніку. А такія прыклады, на жаль, ёсць.

«Вы — дзяржаўнае прадпрыемства. Ад вас мінімум што просяць — захаваць працоўныя калектывы, плаціць зарплату, вырабляць добры тавар і прадаваць яго. Нават не будзем даводзіць колькасці. Хоць без яе не можа быць і грошай», — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Дзмітрыя Кацярыніча.

У цэлым прадпрыемства склала сур’ёзныя планы па далейшым развіцці. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб інвестпраекце па мадэрнізацыі і рэканструкцыі вытворчасці прадпрыемстваў холдынга тэрмінам рэалізацыі ў 2016-2022 гадах. Капітальныя затраты на яго рэалізацыю складуць $427,1 млн, а тэрмін акупнасці — амаль 10 гадоў. Адносна гэтага Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што грошы будуць выдзяляцца толькі пад эфектыўныя праекты з дакладна падлічанымі патэнцыяльнымі рынкамі збыту. «Спачатку — рынак, а далей — інвестыцыі. Будзе рынак, будзем весці размову аб $0,5 млрд», — папярэдзіў Прэзідэнт.

Як далажылі кіраўніку дзяржавы, ёсць канкрэтныя планы па развіцці розных напрамкаў у айчынным машынабудаванні, пачынаючы ад ліцейнай вытворчасці да вытворчасці кранавага абсталявання і пашырэння лінейкі транспарту на газаматорным паліве. Работа ў гэтым напрамку вядзецца, адпаведная беларуская тэхніка ўжо задзейнічана ў пасажырскіх перавозках як у Мінску, так і пастаўляецца ў Расію. Выкарыстанне газу дае магчымасць эканоміць 30-40 працэнтаў на эксплуатацыйных расходах і кошце паліва.

У бліжэйшай перспектыве ў Беларусі плануецца асвоіць вытворчасць аўтацыстэрнаў для звадкаванага газу і запраўшчыкаў, што перспектыўна для пераводу на газавае абсталяванне сельскагаспадарчай тэхнікі. Аляксандр Лукашэнка даручыў наступнай вясной рэалізаваць адпаведны пілотны праект на базе некалькіх перадавых сельгаспрадпрыемстваў, каб на практыцы ацаніць патэнцыяльную выгаду.

Перспектыўным Аляксандру Лукашэнку бачыцца і развіццё сектара электратранспарту, асабліва з улікам з’яўлення дадатковых магутнасцей з уводам БелАЭС. На МАЗе ўжо вядзецца работа над айчынным электробусам.

У час наведвання МАЗа размова ішла не толькі аб развіцці гэтага прадпрыемства. Быў арганізаваны своеасаблівы агляд асноўных прадпрыемстваў беларускага машынабудавання. Аб перспектыўных планах і распрацоўках Прэзідэнту далажылі кіраўнікі БелАЗа, «Амкадора», «Гомсельмаша», МТЗ, «БелДжы». Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з выстаўкай найноўшых узораў тэхнікі гэтых прадпрыемстваў, выстаўкай дэталей, вузлоў і аўтаагрэгатаў. Акрамя неабходнасці забеспячэння высокай якасці прадукцыі, размова тут вялася і аб рабоце па імпартазамяшчэнні, зніжэнні выдаткаў на вытворчасці, аб павелічэнні долі айчынных камплектуючых.

Лукашэнка: Беларусь пераадолее эканамічныя цяжкасці, захаваўшы мір і спакой у краіне

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Мінскага аўтамабільнага завода.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гарантуе забеспячэнне ў Беларусі бяспекі, міру і спакою.

«Вы за вайну не перажывайце. У нас галоўная праблема — эканоміка. Калі мы перажывём гэты цяжкі час — а ён рана ці позна скончыцца, нам тады ніхто не страшны. Мы гэта пераадолеем, мы моцныя людзі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што калі ў нейкай дзяржаве ідзе вайна, людзі не гавораць пра заработную плату або пенсіі — ім патрэбны мір, гэта галоўнае.

«Мы ні з кім не збіраемся ваяваць і не будзем гэтага рабіць. Мы не збіраемся падставіцца так, што супраць нас нехта будзе ваяваць. Тым больш мы ні на кога не збіраемся нападаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што Беларусь сур’ёзна мадэрнізавала Узброеныя Сілы і гатова імгненна адказаць на знешнія пагрозы.

belta

Лукашэнка: МАЗу неабходна надаць новае аблічча

Мінскі аўтамабільны завод, таксама як і іншыя вядомыя беларускія брэнды, неабходна захаваць, заявіў Прэзідэнт.

«Перш за ўсё вы павінны захаваць гэта прадпрыемства. Яго неабходна абнавіць, наколькі гэта магчыма, надаць яму новае аблічча. З канвеераў павінны сыходзіць поўнасцю беларускія машыны найвышэйшай якасці», — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што забеспячэнне высокай якасці прадукцыі — гэта ў першую чаргу задача ўсяго працоўнага калектыву.

Ён адзначыў, што ў гэтай частцы ад работнікаў дылерскай сеткі часам паступаюць аб’ектыўныя нараканні. «Калі вы, кожны на сваім рабочым месцы, не зоймецеся якасцю, мы не вытрымаем канкурэнцыі, — сказаў Прэзідэнт. — Мы павінны захаваць гэты завод і павысіць якасць».

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў цяперашніх эканамічных умовах прадпрыемства сутыкаецца з шэрагам цяжкасцей. Адначасова ён паставіў задачу не дапусціць пагаршэння сітуацыі, чаго б гэта ні каштавала.

«МАЗ, як і БелАЗ, і мотавелазавод — гэта твар нашай краіны. Мы ні ў якім разе не можам і не маем права ўгробіць гэтыя прадпрыемствы. Таму, адказваючы скептыкам і тым, хто сёння не верыць у гэта: МАЗу быць, быць заўсёды, і пры мне, і пасля мяне», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Захаванне гэтых і іншых прадпрыемстваў, падкрэсліў Прэзідэнт, гэта справа не толькі яго гонару, але і захаванне эканамічнай базы, рабочых месц для будучых пакаленняў.

«Наша шчасце тут, на гэтай зямлі. І мы павінны думаць аб тым, як захаваць рабочае месца для нашых дзяцей», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

 

belta 2

Беларускія чыноўнікі перасядуць на «Джылі»

Беларускія чыноўнікі — ад кіраўнікоў раённага ўзроўню да міністраў — у далейшым пры набыцці службовых аўтамабіляў павінны арыентавацца выключна на прадукцыю айчыннага аўтапрама. Адпаведнае даручэнне даў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, аглядаючы выстаўку найноўшых узораў тэхнікі, што вырабляецца на беларускіх прадпрыемствах машынабудавання.

На выстаўцы, у прыватнасці, быў прадстаўлены легкавы аўтамабіль прадстаўніцкага класа, вытворчасць якога СЗАТ «БелДжы» плануе пачаць у Беларусі ўжо ў трэцім квартале бягучага года. Прэзідэнт высока ацаніў навінку з пункту гледжання зручнасці, аснашчанасці і дызайну. «Ніякага імпарту для чыноўнікаў, акрамя прэм’ера, віцэ-прэм’ераў і вышэйшых службовых асоб», — даручыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым растлумачыў, што размова не ідзе аб тым, каб за адзін раз перасадзіць усіх чыноўнікаў на такія аўтамабілі, паколькі на гэта пайшлі б вялікія сродкі. Таму замену неабходна праводзіць паступова, па меры ўзнікнення такой неабходнасці. «Трэба купляць свае аўтамабілі, тым больш яны ў два разы таннейшыя за нямецкія», — адзначыў беларускі лідар.

«Самае галоўнае, што мы гэта робім у сябе. Калі гарантыю не вытрымаюць, то прыехаў на завод і зрабіў», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт: дзяржава будзе старацца зрабіць максімум для вырашэння жыллёвых пытанняў грамадзян

Адзін з работнікаў прадпрыемства сказаў, што на МАЗе больш як 3 тыс. чалавек маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і пацікавіўся перспектывамі долевага будаўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ёсць некалькі варыянтаў вырашэння гэтага пытання. У прыватнасці, жыллё можа быць пабудавана або за ўласныя фінансавыя сродкі грамадзян, або за сродкі прадпрыемства, або пры сумесным укладанні сродкаў работнікаў і прадпрыемства. Таксама домабудаўнічыя камбінаты гатовы будаваць жыллё з мінімальнай рэнтабельнасцю для сябе 5 працэнтаў, у такім выпадку кошт аднаго квадратнага метра можа скласці каля $500. «Што датычыцца сродкаў з бюджэту, то заўтра не абяцаю. Ёсць чарга, і па ёй ідзе рух», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што дзяржава выдзяляла МАЗу з бюджэту сродкі на падтрымку прадпрыемства. «Таму, калі гаварыць аб тым, што на жыллё таксама трэба даць грошы, то трэба разумець, што гэтыя сродкі трэба забраць ва ўрачоў і настаўнікаў. Яны маюць заработную плату ніжэйшую, чым у сярэднім на МАЗе», — адзначыў Прэзідэнт.

«Магчымы і іншыя варыянты. Калі яны будуць прымальныя для бюджэту, я вас падтрымаю. Мы будзем старацца зрабіць максімум. Няхай генеральны дырэктар прадпрыемства разам з прафсаюзным камітэтам падумаюць, як зрабіць першыя крокі ў гэтым плане. Калі гэта будзе магчыма, мы вас падтрымаем», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ільгота па пенсійным узросце для работнікаў шкодных вытворчасцей будзе захавана

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пенсійны ўзрост для работнікаў на шкодных вытворчасцях будзе паступова павышацца, як і для іншых катэгорый, але разбежка будзе захавана. «Вы гэту льготу будзеце мець», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці шмат супрацоўнікаў МАЗа працуюць у шкодных умовах. Прэзідэнт праінфармаваў, што сёння абмяркоўвалася ў тым ліку мадэрнізацыя ліцейнай вытворчасці для паляпшэння ўмоў працы рабочых.

БелТА