А рукі не ведаюць стомы

Грамадства

Сёння Наталля Кузьмінічна Шынкарэнка з Бярозак адзначае 70-годдзе з дня свайго нараджэння. Ад усяго сэрца жадаем ёй моцнага здароўя і доўгага веку, душэўнага спакою і радасці. Каб заўсёды акружалі шчырыя і добрыя людзі, здольныя адказваць узаемнасцю на павагу і чулыя адносіны, ца-ніць лепшыя чалавечыя якасці. Імі гэтая жанчына надзелена спаўна.Vishivanki-1

Сёлета ў нашай гераіні суцэльныя юбілеі: 50-годдзе з дня нараджэння старэйшай дачкі, 40-годдзе – малодшай, хутка паўвекавы жыццёвы рубеж адзначыць зяць. Дарэчы, на ўсе сямейныя святы родныя і блізкія спяшаюцца ў дом Наталлі Кузьмінічны, утульны, гасцінны, па-дамашняму цёплы і родны. Летам пад яго дахам сабралася 15 чалавек, было крыху шумнавата, але ж і камфортна, спакойна, радасна ад прыязных узаемаадносін, усмешак, жартаў. У пакоях вочы разбягаюцца ад мноства яркіх фарбаў, якімі аздоблены сурвэткі, набожнікі, дываны. Вышытых работ шмат, прычым узоры не паўтараюцца. У кожную ўкладзена душа гаспадыні, таму тут пануе своеасаблівая аўра. Забываеш пра нягоды і праблемы, любуешся гэтымі рэчамі і захапляешся майстэрствам жанчыны, рукі якой здольны стварыць цуд.

Vishivanki-3Vishivanki-2Vishivanki-4Vishivanki-6Vishivanki-5

З унутранай гармоніяй дома сугучна навакольная прырода. Яна ў Бярозках асаблівая. Некалі вялікая вёска акружана лясамі, асноўным дрэвам у якіх з’яўляюцца беластволыя прыгажуні. Ці не яны далі назву гэтаму населенаму пункту? Здаецца, лепшага куточка для адпачынку не знайсці. Цішыня, ніякай мітусні. Дрэвы, травы, насельнікі лясоў жывуць па сваіх законах, дзе ўсё суладна. І чалавеку тут ёсць месца, калі не парушае гэты спакой.

Наталля Кузьмінічна імкнецца, каб каля яе сядзібы па вуліцы Савецкай раслі кветкі, дарылі добры настрой аднавяскоўцам і дапаўнялі агульны малюнак хараства.

Родам яна з Украіны, з Няданчыц. У сям’і было дзесяць дзяцей, а бацька любіў выпіць. Нястача, голад. Таму як толькі скончыла 7 класаў, падалася на заробкі ў Чарнігаў. Уладкавалася на тры месяцы ў гаспадарку, якая займалася азеляненнем. Захавалася першая працоўная кніжка, дзе запіс аб прыёме на работу зроблены ад рукі. Прыбавіўшы сабе тры гады, апынулася на будоўлі. У Бярозкі да цёткі прыехала, каб навучыцца вышываць, выбіваць на машыне розныя ўзоры, вязаць. Мясцовая майстрыха славілася рукадзеллем, яна перадала пляменніцы сакрэты тонкай справы, якая патрабавала цярплівасці і фантазіі. Тут сустрэла свайго будучага мужа, нарадзіла траіх дзяцей. Ды жаночае шчасце было нядоўгім, хутка аўдавела, таму ў жыцці спатрэбілася ўсё, чаму навучылася. Лёс злітаваўся над прыгожай і працавітай украінкай, паслаў ёй добрага чалавека, а неўзабаве на свет з’явілася яшчэ адна дачушка. З ім цяпер пароўну дзеляць і радасць, і гора.

Першы запіс аб прыёме на працу засланяе найбольш важны, зроблены ўжо ў Беларусі. Ён сведчыць аб пастаянстве і адданасці справе Наталлі Кузьмінічны. У 1963-м яе прынялі ў саўгас “Краснае” Брагінскага раёна аператарам машыннага даення, а звольнілася яна ў 1996-м, праз 33 гады. Менавіта такі стаж работы ў жывёлагадоўлі чалавека, які ніколі не шукаў лёгкага хлеба. Даіць кароў у тыя часы было куды цяжэй, чым зараз. Уручную раздавалі сакавітыя кармы, цягалі флягі з малаком. Нялёгкую фізічную працу на вытворчасці змяняла такая ж на ўласным падворку, дзе была вялікая гаспадарка. Паспявала ўсюды, яшчэ знаходзіла час для ўдзелу ў мастацкай самадзейнасці. Любіла спяваць, атрымлівала ад гэтага задавальненне. Выканаўцы народных песень з Бярозак славіліся сваімі галасамі і непаўторным, адметным стылем перадачы асаблівасцей аўтэнтычнага фальклору, пранікненнем у сутнасць лірычных мелодый. Пасля трагедыі, якая здарылася з сынам, дарогу ў клуб часова забыла.

Пусцеюць нашы вёскі, у якіх жывуць у асноўным пенсіянеры. Бярозкі ў гэтым сэнсе не выключэнне. Няма ўжо і прыватнага статка кароў, людзям састарэлага ўзросту трымаць іх не па сілах. Засталася ўсяго адна рагуля, на падворку ў Наталлі Кузьмінічны. Жанчына не можа развітацца са сваёй карміцелькай. І справа не ў тым, што атрымлівае малако, тварог, масла найвышэйшага гатунку, а ў прывычным укладзе вясковага побыту. Не ўяўляе, як пасля столькіх гадоў напружанай працы на саўгаснай ферме застанецца без клопатаў пра сваю, дамашнюю. Ёсць занятак, прадукцыя, невялікі даход, калі купляюць малако. Трымаюць з мужам свіней, курэй. З уласнай гаспадаркі жылі нашы продкі, і зараз яна выручае руплівых вяскоўцаў з ліку тых, хто не прывык падоўгу спаць і не баіцца цяжкасцей. Сенам, па словах Наталлі Кузьмінічны, забяспечвае сельгаспрадпрыемства. А ў астатнім праблем няма.

Наша юбілярша – на заслужаным адпачынку, але ж калі ўзгадвае, што не правялі яе і іншых даярак на пенсію ва ўрачыстых абставінах, не можа стрымаць слёз. Крыўдна. Здаецца, заслужыла добрае слова, падзяку, бо працавала старанна, ды так і не дачакалася іх. Затое яе любяць дзеці і ўнукі, паважаюць людзі. З днём нараджэння Вас, Наталля Кузьмінічна, і няхай усё ў Вашым жыцці складваецца найлепшым чынам.

Ніна СІНІЛАВА