Экалогія і эканомія: пластык і бумагу — ў асобныя кантэйнеры

Грамадства

 

– Некаторы час назад у Брагіне з’явіліся сеткавыя кантэйнеры з надпісам “ПЭТ”. Скажыце, каму і з якой мэтай патрэбна збіраць пластыкавыя бутэлькі?

Андрэй, жыхар райцэнтра

Musor

Паколькі кантэйнеры належаць

КЖУП “Брагінскае”,

за адказам мы звярнуліся да супрацоўнікаў

гэтага прадпрыемства.

Як паведаміла майстар участка па добраўпарадкаванні і санітарнай ачыстцы Наталля Арцёменка, пластыкавыя бутэлькі збіраюцца для далейшай перапрацоўкі. А ўвогуле нарыхтоўкай другаснай сыравіны КЖУП займаецца ўжо не першы год. Работа вядзецца згодна з адпаведнай Дзяржаўнай праграмай, разлічанай на 2009-2015 гады. У раёне дзейнічае 33 мініпалігоны для смецця, куды камунальнікі выязджаюць два разы ў тыдзень, каб адабраць другасную сыравіну. Са з’яўленнем спецыяльных кантэйнераў гэта рабіць стала больш зручна. Дарэчы, ёмістасці для ПЭТ запаўняюцца даволі хутка – прыкладна за два дні, а вось з паперай і шклом сістэма пакуль не наладжана.

За студзень-ліпень КЖУП “Брагінскае” нарыхтавана 117,5 тоны другаснай сыравіны, што складае 48% ад гадавога плана. Сам па сабе гэты працэс, па словах Наталлі Уладзіміраўны, нерэнтабельны, але дзяржаўная ўстанова “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў”, створаная пры міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прадугледжвае за яго кампенсацыю. Так, у гэтым годзе за здадзеную выкарыстаную прадукцыю камунальнікі раёна атрымаюць пагрузчык “Амкадор”, а таксама прэс для апрацоўкі макулатуры і пластыкавых бутэлек.

Але ж камунальная гаспадарка прымае ад насельніцтва не толькі пластык, макулатуру і шкло. Сюды можна здаць металалом, тэкстыль, поліэтылен, а таксама гумавыя вырабы, такія як старыя аўтамабільныя шыны ці пакрышкі. Усе гэтыя рэчы накіроўваюцца на перапрацоўныя прадпрыемствы, з якімі ў КЖУП “Брагінскае” заключаны дагаворы. Гэта Добрушская папяровая фабрыка, прыватнае прадпрыемства “Гомельдругчармет”, ААТ “Гомельхімгандаль”, ДА “Белрэсурсы”, дзе клапоцяцца аб тым, каб са здадзенай прадукцыі была зроблена новая. Дарэчы, у раёне працуе перасоўны прыёмны пункт другаснай сыравіны, які выязджае ў населеныя пункты па заяўках жадаючых зрабіць свой уклад у працэс рэсурсазберажэння і аздараўлення навакольнага асяроддзя.

Пры чым тут
экалогія?

Пытанне аб экалогіі ўзнята нездарма. Вядома, што насельніцтва планеты з кожным годам расце, а зямныя рэсурсы, наадварот, змяншаюцца. Таму мы, калі і далей жадаем карыстацца выгодамі цывілізацыі, павінны шукаць выйсце. І яно ёсць – гэта збор і перапрацоўка другаснай сыравіны.

Musor-3

Напрыклад, яшчэ са школьных часоў мы памятаем, што адна тона макулатуры выратоўвае 17 дрэў. А лес – гэта кісларод, таму без перабольшвання можна сказаць, што кошт перапрацаванай паперы дзякуючы захаванай расліннасці роўны кошту жыцця.

Калі гаварыць пра ПЭТ – поліэтылентэрэфталат, то важна ведаць, што яго шкода прыродзе проста каласальная: пластык расшчапляецца некалькі соцен гадоў, і за гэты час вылучае ў глебу вялікую колькасць таксінаў. Менавіта таму яго патрэбна ці ўтылізаваць прамысловым спосабам, ці адпраўляць на перапрацоўку.

Паўторнае выкарыстанне шклотары таксама накіравана на абарону навакольнага асяроддзя і яго рэсурсаў, паколькі на пераплаўленне бітага шкла патрабуецца менш энергазатрат, чым для апрацоўкі сыравіны, а гэта і зніжэнне выкідаў парніковых газаў у атмасферу. Дарэчы, шкло можа перапрацоўвацца колькі заўгодна раз, не губляючы пры гэтым сваёй якасці.

Тым, хто клапоціцца аб экалогіі, трэба таксама памятаць і аб шкодзе, якую наносяць прыродзе адпрацаваныя батарэйкі. Падлічана, што адна батарэйка забруджвае каля 20 кв. м зямлі. Таму вельмі важна не выкідваць іх разам з агульнымі бытавымі адыходамі.

Новаўвядзенне
прыжываецца

Musor-4

Трэба адзначыць, што многія жыхары райцэнтра гатовы выкідваць смецце не ў адзін кантэйнер, а сартаваць яго на пластык, паперу, шкло і іншыя адыходы. Дарэчы, спецыяльныя бакі з адпаведнымі надпісамі з’явіліся не толькі ў Брагіне, але і ў Камарыне, а таксама ў аграгарадках. “Вядома, людзей да такога новаўвядзення трэба яшчэ рыхтаваць, – гаворыць Наталля Уладзіміраўна. – Варта тлумачыць ім важнасць сартавання адыходаў, бо пакуль гэта разумеюць не ўсе”.

Сапраўды, як гэта ні сумна, але ўзровень экалагічнай культуры ў нашым грамадстве пакідае жадаць лепшага. І мала хто задумваецца, якую шкоду сметнікі прычыняюць навакольнаму асяроддзю. Але ж надзея на выпраўленне становішча ёсць. Як паказвае практыка, у многіх краінах свету звычку сартаваць адыходы грамадзянам прывівалі па некалькі гадоў. У нас жа, па сутнасці, усё толькі пачынаецца…