Калі атрымана трывожнае паведамленне, аператыўны дзяжурны ў лічаныя хвіліны павінен накіраваць да месца здарэння следча-аператыўную групу. Таму менавіта ад правільных і хуткіх дзеянняў супрацоўнікаў АДС залежыць здароўе і жыццё пацярпелых, пошук і затрыманне правапарушальнікаў, раскрыццё злачынстваў.
Штодня ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступае каля сотні званкоў. І хаця пра злачынствы толькі 10-15 з іх, адрэагаваць неабходна на кожны. Паведамленні самыя розныя, і калі раніцай яны часцей датычаць крадзяжоў, то вечарам і ноччу – сямейных скандалаў. Таксама, бывае, брагінчане просяць дапамогі, калі, напрыклад, у дом заляцелі восы ці шэршні, або калі на падвор’е забрыла шалёная ліса. Часам даводзіцца рэагаваць і на тэлефанаванні з суседніх раёнаў ці нават з Украіны, якія трапляюць на наш нумар 102, напэўна, з-за збояў у рабоце сувязі.
Але ёсць і аматары пажартаваць, ці тыя, хто паведамляе ў міліцыю аб выдуманых правапарушэннях. Напрыклад, некалькі дзён назад патэлефанаваў мужчына, які доўга і ўпэўнена расказваў, як над яго дачкой у Асарэвіцкім прытулку здзекваецца адзін з выхавальнікаў, нават руку вывіхнуў. На шчасце, такая інфармацыя не пацвердзілася. Але ж мужчына доўгі час займаў лінію, па якой, магчыма, нехта, каму насамрэч патрэбна была дапамога, не мог дазваніцца. У асноўным прагнуць паразмаўляць з міліцыяй асобы, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, пры гэтым яны часта ўжываюць ненарматыўную лексіку.
Дарэчы, усе званкі, якія паступаюць на нумар 102, запісваюцца, таму пазбегнуць адказнасці за лжывыя паведамленні жартаўнікам не ўдасца. Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях за гэта прадугледжаны штраф у памеры ад 4 да 15 базавых велічынь, пры паўторным парушэнні заканадаўства – ад 20 да 50 базавых велічынь.
Вядома, галоўная задача, якая стаіць перад кожным дзяжурным, – гэта арганізаваць работу следча-аператыўнай групы, у якую, у залежнасці ад сітуацыі, уваходзяць супрацоўнікі крымінальнай міліцыі, міліцыі грамадскай бяспекі, Дзяржаўтаінспекцыі і следчага камітэта, так, каб яны змаглі сабраць максімальную інфармацыю аб злачынстве і раскрыць яго “па гарачых слядах”. Пры гэтым аператыўныя дзяжурныя кантралююць “пастаяльцаў” ізалятара часовага ўтрымання, рэагуюць на трывожныя сігналы сістэмы пазаведамаснай вартаўнічай аховы, запаўняюць службовую дакументацыю і інш. Таксама з дзяжурнай часці вядзецца панарамны відэазапіс тэрыторыі, што прылягае да РАУС. З яе дапамогай можна сачыць за ўсім, што адбываецца, напрыклад, каля “начнога” магазіна. Гэта дазваляе хутка адрэагаваць на правапарушэнне.
Больш за 14 гадоў кіруе аператыўна-дзяжурнай службай Сяргей Музычэнка, які з’яўляецца для сваіх падначаленых дастойным прыкладам для пераймання не толькі прафесійных якасцяў, але і здаровага ладу жыцця. Ён – актыўны ўдзельнік спартыўных спаборніцтваў па сістэме УУС і МУС. Заўсёды займае прызавыя месцы на абласным узроўні. А ў канцы мінулага года Сяргей Анатольевіч, дарэчы, адзіны ў вобласці, атрымаў нагрудны знак “Спецыяліст першага класа МУС”.Калектыў дзяжурнай часці складаюць дзевяць супрацоўнікаў. Сярод іх сёння таксама хацелася б адзначыць памочніка дзяжурнага Аляксандра Атрошчанку і міліцыянера-вадзіцеля Вадзіма Кукрака. А ўвогуле, усе – высокакваліфікаваныя спецыялісты, для якіх паняцце абавязку, гонару, самаадданасці – не проста высокія словы. Іх прафесіяналізм, паўсядзённая напружаная праца дзеля бяспекі і спакою грамадзян дазваляюць паспяхова спраўляцца з задачамі па ахове правапарадку. У перадсвяточны дзень таксама хацелася б успомніць і ветэранаў МУС, якія праходзілі службу ў дзяжурнай часці. Сярод іх – Анатоль Васечка, Барыс Яшчанка, Іван Каціён, Генадзь Сушчанка.
Шчыра жадаем усім моцнага здароўя і нязгаснага аптымізму. Няхай кожны дзень прыносіць вам і вашым сем’ям радасць і поспех, ажыццяўляюцца добрыя задумы і надзеі.
Вячаслаў ЛЫСЯНОК,
намеснік начальніка Брагінскага РАУС
НА ЗДЫМКУ: выконваючы абавязкі памочніка дзяжурнага Пётр Сачанка і старшы аператыўны дзяжурны Сяргей Музычэнка