4 сакавіка — дзень беларускай міліцыі

Праздники и будни

ДАСЯГНЕННІ  АДДЗЕЛА – ВЫНІК КАЛЕКТЫЎНАЙ ПРАЦЫ 


Да 2015 года ў краіне плануецца правесці рэформу ў  сістэме МУС. Закране  яна  і раённы аддзел унутраных  спраў. Як паведаміў начальнік Брагінскага  РАУС Валерый  Чэкан, з міліцыянераў здымуць  некаторыя  функцыі, сярод якіх – дастаўка  трупаў   на анатамаванне, прывад у ваенкамат юнакоў,  якія  ўхіляюцца ад прызыву,  а  таксама  абавязаных  асоб згодна  з  Дэкрэтам №18 –  на працоўныя  месцы  і  інш.  Таксама з сістэмы органаў  унутраных спраў будуць выведзены эксперты.  Дарэчы, гэта плануецца  зрабіць  ужо ў красавіку.


Дзень беларускай міліцыі РАУС сустракае са станоўчымі вынікамі працы.  Ужо трэці год запар  у раёне назіраецца паніжэнне колькасці злачынстваў. У параўнанні з папярэднім годам у 2012-м гэта лічба знізілася на 17%, а па лініі  крымінальнага вышуку – на 24%. Таксама меней стала правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін і інш.


Пры гэтым павысілася раскрывальнасць злачынстваў. Добра спрацавала  аддзяленне крымінальнага вышуку пад кіраўніцтвам Сяргея Катлярэнкі. Асабліва адзначае Валерый Леанідавіч работу Аляксандра Федарэнкі,   які  займаецца  непасрэдна пошукам  людзей, якія прапалі  без  вестак.


За  мінулы год супрацоўнікамі не дапушчана парушэнняў  заканадаўства  як пры выкананні службовых абавязкаў, так і ў неслужбовы  час. Гэта гаворыць  аб  тым, што ў  калектыве – толькі самыя падрыхтаваныя  і вопытныя.   Вядома,  ёсць і маладое папаўненне,  якое  раўняецца на   старэйшых таварышаў. Дарэчы, грамадзянам, якія хочуць папоўніць  рады супрацоўнікаў РАУС, можна  патэлефанаваць па нумарах  2-19-83, 367-62-77.
Напярэдадні Дня беларускай міліцыі Валерый Леанідавіч павіншаваў калег з прафесійным святам: “Першым  чынам  жадаю ўсім здароўя, на якім наша служба робіць  вялікі адбітак. А таксама  удасканалення прафесійнага майстэрства. А сем’ям  і  блізкім супрацоўнікаў адрасую  словы ўдзячнасці за цярплівасць і разуменне. Падтрымка з боку родных для нас заўсёды мае асаблівую значнасць”.
 


***


“Дзяжурная часць Брагінскага РАУС.  Чым мы можам вам дапамагчы?”.  Падобныя  словы чуе кожны, хто  тэлефануе па знаёмым усім нумары 102.  У чым жа заключаюцца будні аператыўнага дзяжурнага? У асноўным – у   хуткім  рэагаванні на ўсе паведамленні жыхароў раёна, бо часам ад своечасовага прыбыцця міліцыі на  месца  здарэння можа залежаць  нечае  жыццё.


У сярэднім за  суткі тут  прымаюць да 15 званкоў з рознай інфармацыяй.   Як  правіла, падставай для большасці  з  іх становяцца сямейныя  скандалы  ці хуліганскія дзеянні, а таксама  крадзяжы.  І ад таго, наколькі  кампетэнтна і  тактоўна  аднясуцца  да  звароту  грамадзян  ў “дзяжурцы”,  залежыць паспяховасць вырашэння  паднятай праблемы.   Таксама  паводзінамі дзяжурнага  ў  свядомасці  людзей  будзе створаны  і  вобраз  міліцыі   ўвогуле.


У  аператыўна-дзяжурнай частцы РАУС  –   восем  супрацоўнікаў. Самы вопытны з іх – Сяргей  Музычэнка, які ў   праваахоўных  органах з 1992 года.  Дарэчы, нядаўна Сяргей Анатольевіч (адзіны  ў вобласці) здаў нарматывы  і быў  узнагароджаны нагрудным знакам “Спецыяліст I класа МУС”.


***


Сёння, у час машын і вялікіх хуткасцяў, аўтамабіль з’яўляеца не толькі сродкам камфорту, але і крыніцай павышанай небяспекі для жыцця і здароўя людзей. Таму рашэнне такой складанай задачы як забеспячэнне парадку на дарогах патрабуе адказнага стаўлення да сваёй працы кожнага супрацоўніка Дзяржаўтаінспекцыі.


Аддзяленне ДАІ Аляксандр Хмелянок узначальвае каля чатырох гадоў. Кожны з яго падначаленых мае моцную прафесійную падрыхтоўку, добрасумленна выконвае службовыя абавязкі.  Таму і вынікі іх працы адпаведныя.  Аддзяленне праводзіць значную  работу па прафілактыцы дарожна-транспартных здарэнняў, звязаных  з гібеллю людзей, выяўленню нецвярозых вадзіцеляў,  а таксама  асоб,  якія не прытрымліваюцца хуткаснага  рэжыму.


***


Ізалятар часовага ўтрымання.  Звычайна гэтае словазлучэнне  выклікае ў людзей толькі самыя змрочныя асацыяцыі.  Гэта і зразумела: прызначэнне гэтага месца такое, што пры  звычайных  акалічнасцях грамадзянін  туды не трапляе.
Асноўныя абавязкі яго супрацоўнікаў – гэта  ўтрыманне і ахова  падазроных і  абвінавачаных у здзяйсненні  злачынстваў,  іх канваіраванне  ў  суд ці пракуратуру, этапаванне   ў  следчы ізалятар.  У  ІЧУ  таксама адбываюць  пакаранне асуджаныя  да  адміністрацыйнага  арышту.   Таму   ён ніколі не пустуе.  Сярэдняя запаўняльнасць – сем чалавек. Кожныя  10  хвілін міліцыянерам   патрэбна   праводзіць  агляд  усіх  камер,  нават  ноччу.


І паколькі сюды трапляюць неаднаразова судзімыя, часам людзі з празмерным гонарам, то маральна не ўстойлівы чалавек працаваць у ІЧУ не зможа.  Але тут падабраліся супрацоўнікі  стойкія  і адказныя, якія добра ведаюць і своечасова выконваюць свае абавязкі.


Гэтым якасцям цалкам адпавядаюць начальнік ІЧУ Анатоль  Пугач і міліцыянер-канваір  Сяргей Малочка. 


***


Выбіраючы прафесію,  кожны міліцыянер ведае, што часта замест сямейнай вячэры ў звыклы час ён можа апынуцца на выездзе, займацца апытаннем грамадзян па скарзе ці быць задзейнічаным у аператыўным пазапланавым мерапрыемстве. Ды ці мала яшчэ якія нечаканыя сюрпрызы прыгатуе жыццё. Не рэдкасць яны і ў працы ўчастковых.


За парадкам у Брагіне Дзмітрый Музычэнка сочыць пяць гадоў. У райцэнтры  – каля чатырох тысяч жыхароў, і ўчастковы знаёмы практычна кожнаму.  Ды і капітан міліцыі  за тэрмін службы  дасканальна вывучыў абставіны і кантынгент, які любіць парушаць закон.


Свайго ўчастковага добра ведаюць і жыхары Чамярыскага, Малажынскага і Малейкаўскага селькіх Саветаў. Гэта  тэрыторыя старшага ўчастковага інспектара  Аляксандра Савянка, які ў прафесію прыйшоў восем гадоў назад. Калі аб’язджае ўсе вёскі, спідометр аўтамабіля маёра міліцыі  “намотвае” не менш за 100 кіламетраў.


І без гэтага не абыдзешся, бо ў прафесіі галоўнае – работа з насельніцтвам. Шмат працы і з дакументамі, але асноўнае ўсё ж –  зносіны з людзьмі, для якіх участковы з’яўляецца галоўным прадстаўніком праваахоўных органаў, асабліва для жыхароў сельскай мясцовасці.  Самыя частыя правапарушэнні, якімі прыходзіцца мець справу,  –  бытавыя: сямейныя скандалы, суседскія разборкі, п’яны дэбош… Таксама шмат клопатаў дастаўляюць  так званыя абавязаныя асобы. 


З-за  недахопу кадраў,  на ўчастковых ляжыць вельмі высокая нагрузка. Дамоў трапіць своечасова атрымліваецца не кожны дзень, але ж родныя з разуменнем ставяцца да спецыфікі іх працы, што, безумоўна, дапамагае  адчуваць сябе на службе больш упэўнена.


***


Сярод асноўных задач крымінальна-выканаўчай інспекцыі – выкананне пакаранняў, не звязаных з пазбаўленнем волі. Тут вядзецца кантроль за асобамі, якія вярнуліся з выпраўленчых устаноў, а таксама прафілактычная работа па недапушчэнні здзяйснення імі паўторных злачынстваў і правапарушэнняў. Менавіта  гэта  ўваходзіць  у службовыя абавязкі  старшага  інспектара  Уладзіміра  Хмелянка і інспектара Аляксандра Палявога. 


Часцей за ўсё ім даводзіцца мець справу з асобамі, да якіх прыменена пакаранне ў выглядзе выпраўленчых або грамадскіх работ з пражываннем  па месцы  жыхарства.  А ўвогуле, кола абавязкаў інспектараў  шырокае.  Акрамя  ўліку і кантролю, яны дапамагаюць асуджаным  уладкавацца на працу, аднавіць дакументы, сочаць за іх побытам і ладам жыцця.


На жаль, прыемных момантаў у  працы не шмат. І часцей за ўсё  інспектары вымушаныя праяўляць да  “падапечных”,  якіх  сёння тут на ўліку  140 чалавек, строгасць і прынцыповасць.