Яшчэ са школьных урокаў гісторыі мы добра ведаем, што перамога Вялікага Кастрычніка ўскалыхнула сусветную супольнасць, у многім прадвызначыўшы накірункі яе далейшага развіцця. Яна натхніла і падняла мільёны людзей на барацьбу супраць прыгнёту і няроўнасці, карэнным чынам змяніла лёс Айчыны. Рэвалюцыя дала магутны імпульс сацыяльнаму і духоўнаму адраджэнню беларускай нацыі. На новы ўзровень падняліся навука, адукацыя, культура, ахова здароўя, сацыяльная дапамога. Энергія Кастрычніка натхняла на перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, на пакарэнне космасу, на працоўныя здзяйсненні народа, прызнаныя ва ўсім свеце.
Дзякуючы гэтай падзеі Беларусь упершыню набыла дзяржаўнасць. А ідэалы міру, свабоды, роўнасці, гуманізму, абвешчаныя Вялікім Кастрычнікам, знаходзяць прамое адлюстраванне ў палітычным і эканамічным развіцці сучаснай рэспублікі, грамадзянскай згодзе. Вопыт 1917 года навучыў нас шанаваць усё лепшае, што было дасягнута ў савецкі перыяд, настойлівай працай ствараць дзяржаву, галоўная мэта якой – клопат пра чалавека. У сённяшнім жыцці ўвесь дабрабыт мы ствараем уласнымі рукамі, розумам і талентам. І вельмі пахвальна, што ў імкненні да дастойнага жыцця ёсць месца гонару за сваю незалежную краіну, паважлівым адносінам да сваёй гісторыі, культуры, традыцый.
Як гавораць гісторыкі, ставіцца да даты 7 лістапада можна па-рознаму, але адмаўляць значнасць тых падзей проста немагчыма. Так, была пэўная ідэалогія, сістэма выхавання чалавека. Але што дрэннага ў тым, што грамадзян вялікай краіны вучылі любіць сваю Радзіму, берагчы сваю зямлю, самааддана працаваць на карысць свайго народа. А колькі жыхароў Беларусі памяць верне ў гэты дзень у іх цудоўнае піянерска-камсамольскае юнацтва! Яшчэ адна падстава зазірнуць у мінулае, задумацца, пераасэнсаваць…
Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА