АДПАЧЫВАЦЬ ЗАБАРАНЯЕЦЦА. ПРАЦАВАЦЬ!

Грамадства

Ключавой тэмай чэрвеньскага  пасяджэння каардынацыйнага савета па рэалізацыі Дэкрэта №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях ” сталі адносіны гора-бацькоў да сваіх працоўных абавязкаў.  На парадак дня былі вынесены пытанні, што датычыліся прафілактычнай работы з абавязанымі асобамі, своечасовага вяртання дзяржаве грашовых сродкаў, патрачаных на ўтрыманне іх дзяцей. Праблема  вострая і хвалюючая.


Як выявілася, за апошнія два месяцы ў раёне павялічылася колькасць прагулаў. Прычына – у паслабленым кантролі і з боку РАУС, і з боку адказных асобаў.  Не ўсе гаспадаркі, дзе нядбайныя праходзяць перавыхаванне працай, лічаць неабходным перадаваць даныя аб адсутнасці сваіх “падапечных” на рабоце. Ёсць праблемы ў пералічэнні сродкаў па адпаведных адрасах, што вядзе да парушэння заканадаўства, і калі падобнае паўторыцца – да наймальнікаў будуць прымацца самыя строгія меры ўздзеяння.


Прынятая на пасяджэнні пастанова прызвана скаардынаваць дзейнасць усіх зацікаўленых структур на выпраўленні сітуацыі.  


Валянціна БЕЛЬЧАНКА