26 гадоў таму ў такую ж прыгожую пару, калі ўсё расцвітае, прагне жыцця, сонца, цеплыні і святла, на нашу зямлю прыйшло няшчасце. Выбух на ЧАЭС раздзяліў сучаснасць на дзве эпохі: да і пасля Чарнобыля. Па традыцыі жыхары гарпасёлка сабраліся ў гэты дзень каля помніка нашаму земляку, Герою Украіны Васілю Ігнаценку на мітынг-рэквіем, каб ушанаваць памяць тых, хто цаной уласнага жыцця спыніў раз’юшаны атам, не даў пажару лютаваць далей і нарабіць яшчэ большай бяды.
Запоўненая людзьмі плошча, мноства кветак, такая ж прыгажосць красавіцкага дня, толькі няма ўжо той разгубленасці і трывогі. Так, памяць і боль засталіся, але ж ёсць надзея і ўпэўненасць, што заўтрашні дзень будзе лепшы.
Гучыць сумная музыка. Пачынаецца мітынг. Каля мікрафона – намеснік старшыні райвыканкама Ганна Бабрынёва. Яна нагадала прысутным, што ў выніку выбуху на 4-м энергаблоку было выкінута 190 тон радыеактыўных рэчываў. Аварыя расцэньваецца як найбуйнейшая ў сваім родзе за ўсю гісторыю ядзернай энергетыкі. І па колькасці тых, хто загінуў і пацярпеў, і па эканамічным уроне. Ліквідацыя паследкаў чарнобыльскай катастрофы дазволіла прадухіліць шкодны для ўсяго чалавецтва ўплыў, запатрабавала мабілізацыі сіл і сродкаў для работы ў зоне высокага радыеактыўнага забруджвання і за яе межамі.
Ганна Мікалаеўна расказала, што за гэтыя гады ў раёне праведзена маштабная газіфікацыя ў населеных пунктах. Адбылася пераспецыялізацыя шэрагу гаспадарак, будуецца новае жыллё, мадэрнізуюцца аб’екты сацыяльнай інфраструктуры, вядзецца рэканструкцыя вытворчых аб’ектаў у сельгаспрадпрыемствах, з’яўляюцца новыя прадпрыемствы і інш.
Сёння аварыю на ЧАЭС і Фукусіма-1 у Японіі параўноўваюць не толькі па разбуральнай магутнасці і тэхнічных паказчыках. Мужнасць і патрыятызм грамадзян паказалі ўсяму свету, што чалавечы фактар, здольнасць прымаць правільныя рашэнні, часам – за кошт чалавечых жыццяў, паспрыялі таму, што гэтая аварыя не набыла сусветны масштаб.
«Мы схіляемся перад светлай памяццю загінуўшых. Мы гаворым дзякуй усім удзельнікам тых цяжкіх выпрабаванняў, нашым замежным сябрам, якія гэтыя 26 гадоў былі, застаюцца з намі і дапамагаюць адраджаць гэтую шматпакутную, але такую прыгожую зямлю. Упэўнена: ваш прафесіяналізм, ваша бясстрашша, ваш уклад не будуць забыты», – сказала Ганна Мікалаеўгна. Яна пажадала ўсім моцнага здароўя, аптымізму, шчасця і дабрабыту.
Сваімі ўспамінамі аб падзеях таго часу падзяліліся былы начальнік упраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама Святлан Сазанкоў, намеснік начальніка ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Гомельскага аблвыканкама Ігар Байноў, Аляксандр Прытычэнка (у 1986-м узначальваў упраўленне пажарнай аховы ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама). Яны называлі прозвішчы тых, з кім працавалі і каго, на жаль, сёння няма ў жывых. Удзел у ліквідацыі паследкаў катастрофы падарваў здароўе многіх. 684 пажарных Гомельскай вобласці сумленна выканалі свой абавязак.
Ад імя моладзі слова трымала вучаніца дзяржаўнай установы адукацыі «Гімназія г.п. Брагіна» Крысціна Зуеўская. Прысутнічала на мітынгу і дэлегацыя з Італіі. Віцэ-мэр г. Фарміджыне Антаньета Вастала прызналася, што выступаць на такім мерапрыемстве для яе – гонар. 26 год Італія прымае на аздараўленне беларускіх дзяцей, бо грамадзяне гэтай краіны разумеюць, як цяжка залячыць раны, нанесеныя Чарнобылем. А будучыня юных беларусаў павінна быць такая ж светлая, як і ва ўсіх дзяцей свету. «Паверце, вашы дзеці – вельмі прыгожыя, пяшчотныя, ласкавыя», – з цеплынёй гаварыла замежная госця і запэўніла, што супрацоўніцтва будзе працягвацца.
Аб’яўляецца хвіліна маўчання. Да помніка Васілю Ігнаценку былі ўскладзены вянкі і кветкі. А заключным акордам стала песня з рэпертуару «Песняроў» «Я буду маліцца» ў выкананні Ігара Сінілы.
Мерапрыемства закончылася, але сустрэча знаёмых, саслужыўцаў працягвалася. Моцныя поціскі рук, шчырыя ўсмешкі тых, хто ўдзельнічаў у ліквідацыі паследкаў аварыі сведчаць пра тое, што гэтыя людзі – асаблівага гарту. Здольныя і на подзвіг, і на моцнае сяброўства.
Ніна СІНІЛАВА