Сёння – апошні дзень 2011 года. У гарадах і вёсках – перадсвяточная мітусня: ёлкі, цацкі, навагодні настрой… А яшчэ неад’емнай часткай гэтай пары з’яўляюцца падарункі.
11 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія праходзяць лячэнне ў бальніцы, таксама з нецярплівасцю чакалі Дзеда Мароза і Снягурку. І казачныя героі, вядома ж, завіталі да іх з поўным мяхом падарункаў. Да гэтай сустрэчы маленькія пацыенты падрыхтаваліся дасканала – вывучылі вершы і песні пра Новы год і зіму, за што атрымалі салодкія прысмакі і мяккія цацкі.
Клопат аб хворых дзецях праявілі начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Сяргей Прыходзька, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Наталля Фурс, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольга Ясінская.
Як паведаміў Сяргей Іванавіч, падарункі закуплены ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Кожны год да яе далучаюцца неабыякавыя людзі, якія жадаюць, каб у пераднавагоднія дні да ўсіх малышоў прыйшла казка, асабліва да тых, для каго свята азмрочана хваробай.
А 29 снежня ў раённым Доме культуры дзяцей сабрала дабрачынная ёлка. Са святам прысутных павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама Ганна Бабрынёва і галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Ігар Пятрэня.
Забаўляльную праграму для хлопчыкаў і дзяўчынак падрыхтавалі супрацоўнікі і выхаванцы Брагінскага Цэнтра дзіцячай творчасці. Увазе юных гледачоў была прадстаўлена навагодняя гісторыя аб прыгодах Снягуркі і марскіх піратах. Пасля спектакля ўсіх чакалі гульні і конкурсы.
Усмешкі і шчаслівыя вочы дзяцей сталі лепшай узнагародай для арганізатараў мерапрыемства – аддзела адукацыі, аддзела па справах моладзі і аддзела культуры райвыканкама, РК ГА “БРСМ”.