З «Дажынак» вярнуліся з дыпломамі і падарункамі

Грамадства

Прамую трансляцыю фестывалю-ярмаркі “Дажынкі-2011” з Маладзечна паглядзелі многія. Галоўнае свята хлебаробаў, на якім шанавалі пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва,  выклікала не толькі інтарэс, пачуццё гонару за працоўныя дасягненні беларусаў, але і жаданне пабачыць “сваіх” на тэлеэкране. Каб разам з імі перажыць хвалюючыя моманты ўручэння дыпломаў, падарункаў,  парадавацца за землякоў,  бо пра іх будуць ведаць ва ўсёй рэспубліцы.


Калі вядучыя свята Алена Спірыдовіч і Аляксандр Аверкаў называлі  назву гаспадаркі,  раёна, які хлебаробы прадстаўлялі, пачуць да болю знаёмае з іх вуснаў “Камунальнае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Чамярыскі”, Брагінскі раён”  было бальзамам на душу. Землякі не падвялі. Так было, калі аб’яўлялі лепшы маладзёжны  экіпаж на ўборцы зерневых і зернебабовых у складзе Міхаіла Салдаценкі і Юрыя Фалея з гэтай гаспадаркі. Міхаіл быў першым і летась, а паколькі аўтамабіль у яго ўжо ёсць, сёлета разам з дыломам атрымаў камп’ютар і грашовую прэмію ў памеры дзевяць мільёнаў рублёў. Яго памочніку дастаўся ноўтбук.


Рыгор Малочка з гэтага ж сельгаспрадпрыемства заняў першае месца сярод маладых вадзіцеляў, занятых на  адвозцы зерня ад камбайнаў, заахвочаны каштоўным падарункам (камп’ютар).  Гэта  не  першая яго  працоўная  перамога,  няхай  будзе і не апошняя.
На ўрачыстасцях у Маладзечне  прысутнічаў не толькі Юрый Фалей, але і яго бацька. Сяргей Фалей заняў трэцяе месца сярод удзельнікаў корманарыхтоўкі. У якасці заахвочвання атрымаў халадзільнік.


Другое месца сярод камбайнераў рэспублікі, якія спаборнічалі на хлебнай ніве, заняў Мікалай Дзегцярэнка з КСУП ордэна Леніна “Брагінскі”. А ў якасці падзякі за сумленную працу  мотаблок. Вадзіцель Мікалай Коваль, з якім ездзілі на фестываль, вярнуўся дамоў з тэлевізарам. Ён заняў трэцяе месца ў такім відзе спаборніцтва, як нарыхтоўка кармоў (адвозіў зялёную масу).


Аляксандр Рудабелец  з КСУП “Малажынскі” годна прадстаўляў сваё сельгаспрадпрыемства на мінулагоднім свяце. Тады ён лідзіраваў у спаборніцтве. На жніве-2011 заняў другое месца сярод вадзіцеляў, якім было даручана адвозіць зерне ад камбайнаў. Высокай выпрацоўкі дасягнуў на аўтамашыне ГАЗ САЗ-3507 “са стажам” толькі дзякуючы стараннасці, вопыту і гаспадарскім адносінам да тэхнікі. Падарунак – дамашні кінатэатр.


Праслаўлены механізатар Віктар Жук з КСУП “Малажынскі” ўдзельнічае ў мерапрыемствах такога маштабу ўпершыню. Яго стараннасць у час нарыхтоўкі кармоў адзначана каштоўным падарункам (тэлевізарам). Заняў ён трэцяе месца. Дарэчы, усім, каго шанавалі ў сталіцы дажынак, акрамя асноўных падарункаў, уручылі і сокавыціскалкі. Мы папрасілі Віктара Іванавіча  падзяліцца сваімі ўражаннымі ад рэспубліканскага фестывалю-ярмаркі:


–Прыгожае свята, цудоўны горад, цёплы прыём, цікавы канцэрт. Спадабалася ўсё, уражанні – незабыўныя. У моманты ўзнагароджання радуешся і хвалюешся за сябе, за сваіх калег, ганарышся, што і ты ў ліку праслаўленых людзей краіны.


Звязацца з перадавікамі спаборніцтва ў час падрыхтоўкі матэрыялу змагла толькі па мабільным тэлефоне. Не паспелі прыехаць, і адразу ж уключыліся ў работу. Восень, неабходна заканчваць уборку ўсяго, што вырасла на палях, узнімаць зябліва. Яны, і гэта ўжо ўвайшло ў прывычку, на пярэднім краі барацьбы  за ўраджай. І той, што вырас, і той, што яшчэ будзе. Удачы вам, паважаныя хлебаробы, моцнага здароўя і спрыяльнага надвор’я.


Ніна СІНІЛАВА