ЗЯМНЫЯ КЛОПАТЫ АБ ХЛЕБЕ

Грамадства

Ужо ў сераду вечарам на зернеток  КСУП ордэна Леніна “Брагінскі”  паступіла першая тысяча тон зерня новага ўраджаю.
Па меркаванні дырэктара А.І. Хадаска, у любой справе не павінна быць дробязей. Таму і ў ходзе падрыхтоўкі да жніва кіраўнік асабіста ўнікае ва ўсе пытанні і патрабуе гэтага ад удзельнікаў уборачнай кампаніі.


Падрыхтаваліся ў гаспадарцы да яе як след. Усе зернеўборачныя камбайны загадзя адрамантавалі, паклапаціліся і аб набыцці запасных частак. Перад выхадам у поле вадзіцелі загерметызавалі кузавы машын. Прадумалі і тэхнічнае абслугоўванне. Каб не перарываўся напружаны працоўны рытм, побач на полі дзяжурыць брыгада. Спецыялісты прама на месцы могуць ухіліць невялікія паломкі.


З нецярпеннем чакалі механізатары час уборкі зерневых. Але разагнацца перашкаджае надвор’е. Вось і ў сераду раніцай, калі мы наведалі сельгаспрадпрыемства, уся зернеўборачная тэхніка знаходзілася на машынна-трактарным двары. Ноччу прайшоў спорны дождж, і, пакуль зерне вільготнае, хлебаробы аглядвалі тэхніку перад выхадам у поле.


Пытаемся ў галоўнага агранома  Ю.Г. Ясінскага:


—Як сёлета справы на хлебнай ніве?


—Віды на ўраджай былі нядрэнныя, але засушлівае надвор’е прывяло да таго, што некаторыя ўчасткі пасеваў падгарэлі. Асабліва дасталося азімаму рапсу, намалоты якога зусім не радуюць. Надзея на яравы, з якога магчыма атрымаць каля 15-20 цэнтнераў з гектара.


Усяго патрэбна ўбраць 1839 гектараў зерневых і зернебабовых. Валавы збор будзе ніжэй мінулага года. Плануюць намалаціць 5000-5500 тон зерня.


На ўборачнай задзейнічаны восем камбайнаў і чатыры аўтамашыны. За апошні год камбайнавы парк значна аднавіўся. Да сёлетняй уборачнай набылі “Лексіон-580” замежнай вытворчасці. Тэхніка прайшла выпрабаванне на кармавых угоддзях. Даверылі яе аднаму з лепшых механізатараў – Мікалаю Аляксандравічу Дзегцярэнку. На КЗС-10К працуюць патомныя хлебаробы Уладзімір Міхайлавіч Рэбка, Мікалай Фёдаравіч Міроненка, на КЗС-7 – Уладзімір Уладзіміравіч Заяц і Васіль Фёдаравіч Шубянок.



Ні адна ўборачная не праходзіць без удзелу Уладзіміра Уладзіміравіча Кузакова. Сёлетняя – дваццаць пятая. Яшчэ большы працоўны стаж у вадзіцеляў Анатоля Ульянавіча Кацубы, Аляксея Аляксеевіча Палхоўскага.  Кожны год адзін з лідэраў раённага спаборніцтва — Анатоль Уладзіміравіч Кацуба.
Другі год самастойна выводзіць на хлебную ніву новы КЗС-1218 малады механізатар Дзмітрый Жураў, які да гэтага быў памочнікам камбайнера. Не першае сёлетняе жніво і для Аляксандра Кацубы, Яўгена Кузакова.


Пакуль жніво насіла выбарачны характар. Спачатку ўбіраліся больш падгарэўшыя ўчасткі. Цяпер працуюць на трыцікале, якое ў гаспадарцы займае 600 гектараў. На 15 ліпеня абмалацілі ўжо 440 гектараў, атрымалі 1100 тон зерня. Ураджайнасць – 25 цэнтнераў з гектара.


Потым хлебаробы пяройдуць на больш урадлівую культуру – азімую пшаніцу. Радуе вока і наліты колас яравога ячменя.


Следам за камбайнамі выходзяць на поле трактары з прэсамі. На тым месцы, дзе нядаўна каласілася трыцікале, ужо ўбралі цюкі саломы, падрыхтавалі глебу пад сеў азімага рапсу, унеслі мінеральныя ўгнаенні. Усё гэта гаворыць аб тым, што ў “Брагінскім” сур’ёзна адносяцца да ўборкі сёлетняга і  закладкі будучага ўраджаю.


Т. ЦІШКЕВІЧ